Сустрэча з паэтам у БНТУ
У інтэрнаце №17 Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта адбылася творчая сустрэча з паэтам, членам Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Рагнедам Малахоўскім.
Рагнед Юр’евіч расказаў студэнтам факультэта тэхналогій кіравання і гуманітарызацыі пра свой жыццёвы і літаратурны шлях, чытаў вершы, адказваў на шматлікія пытанні самай рознай тэматыкі. Падчас шчырай душэўнай размовы адзначалася і роля літаратуры ў сучасным жыцці, і ўплыў мастацтва на фарміраванне маладой асобы, і тэхналогіі прыцягнення ўвагі да паэзіі. Рагнед Малахоўскі – у мінулым супрацоўнік часопісаў “Полымя”, “Маладосць” і “Бярозка”, дзе адкрываў маладыя таленты. Таму сёння, працуючы ў абласным аддзяленні СПБ, працягвае гэты пошук, які мае свае вынікі.
Сярод прысутных былі пачынаючыя паэты, якія ў сваю чаргу падзяліліся ўласнымі лірычнымі творамі, прысвечанымі любові да Радзімы, а таксама філасофскімі роздумамі аб жыцці, у якое моладзь толькі-толькі ўвайшла.
Прэс-служба МАА СПБ