Літаратурны марафон да 80-годдзя Хатынскай трагедыі «Званоў перазвон». Зінаіда ГАСЦІЛОВІЧ. Спаленая вёска

Па-над спаленай вёскай закружылі буслы,
Па-над спаленай вёскай не змаўкаюць званы.
У рамонках бялюткіх расцвіла сенажаць,
Ля падмуркаў бетонных тры бярозкі стаяць.

Тры бярозкі схілілі верхавіны свае:
Ім чацвёртай сяброўкі на зямлі не стае.
І над спаленай вёскай анямелі буслы…
Не званіце, званы! Не званіце, званы!

У глыбокім маўчанні ляцяць, кружаць буслы.
Па-над вечным агнём, па-над рэхам вайны,
Аблятаючы памяць чорна-шэрым гранітам.
Тут ніхто не забыты і нішто не забыта.

А над спаленай вёскай водар лета плыве,
Супраць войнаў на свеце ён змагацца заве.
І ніколі-ніколі тут не змоўкнуць званы:
Нам не трэба вайны! Нам не трэба вайны!