Служэнне Слову і Радзіме

 У Слуцкай раённай цэнтральнай бібліятэцы 9 сакавіка прайшла творчая сустрэча з Леанідам Крываносам, старшынёй Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, празаікам, паэтам, публіцыстам, і Рагнедам Малахоўскім, паэтам, перакладчыкам, фотамастаком, членам абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў.

Сустрэча праходзіла ў межах акцыі «Слуцк – культурная сталіца Беларусі 2023». Як адзначыла вядучая Валянціна Цэгалка (загадчыца аддзела абслугоўвання і інфармацыі), назва сустрэчы «Служэнне Слову і Радзіме» выбрана не выпадкова – бо гэта мэта творчасці Леаніда Крываноса і Рагнеда Малахоўскага, іншых пісьменнікаў краіны, якія сваёй літаратурнай дзейнасцю праслаўляюць нашу Радзіму.

Леанід Міхайлавіч аўтар зборнікаў «К истокам» і «Дело чести», аповесцей «Закон всемерного тяготения», «Системный сбой», «Прощеное воскресенье», «Случайное дело» і іншых. У сваіх творах ён расказвае аб лёсах людзей, пра гісторыю краіны, сведкам якой быў і ён сам. Асаблівае месца ў творчасці займаюць вершы і песні ваеннай тэматыкі, прысвечаныя службе ў пагранічных войсках. Песні Леаніда Крываноса ўвайшлі ў рэпертуар Цэнтральнага пагранічнага ансамбля ФСБ Расіі, узорна-паказальнага аркестра пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь, іншых творчых калектываў краіны. Яны гучалі і для ўдзельнікаў сустрэчы.

Рагнед Малахоўскі ў Слуцкай бібліятэцы не ўпершыню. Ён аўтар кніг паэзіі «Беражніца», «У дзённай мітусні» і «Жыві». Рэгулярна друкуецца ў калектыўных зборніках, часопісах «Полымя», «Маладосць», газеце «Літаратура і мастацтва» і іншых рэспубліканскіх выданнях. Рагнед Юр’евіч – шырокая творчая натура: займаецца мастацкім перакладам на беларускую мову з моў іншых народаў, фотамастацтвам, складае электронную музыку. За плённую працу паэт адзначаны дыпломам Саюза пісьменнікаў Беларусі «За вялікі ўклад у развіццё культуры і літаратуры Беларусі», у свой час стаў лаўрэатам Мінскай абласной прэміі ў галіне літаратуры.

Рыфмаванымі радкамі пісьменнікі распавядалі аматарам паэзіі пра сябе, гісторыю, прыгажосць беларускай прыроды, лёсы людзей, сяброўства, вернасць, адказвалі на пытанні прысутных. Асаблівая ўвага была нададзена грамадзянска-патрыятычнай тэме. На выстаўцы-праглядзе “Шчодрае пісьменніцкае слова былі прадстаўлены кнігі і публікацыі ў перыёдыцы гасцей сустрэчы. Мерапрыемства прайшло ў цёплай і душэўнай атмасферы.

Прэс-служба МАА СПБ

Па матэрыялах: Слуцкі край і Слуцкая РЦБ