А роднае слоўца мілей
У Дзень роднай мовы у Уздзенскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Паўлюка Труса дзевяцікласнікі мясцовай гімназіі сустрэліся з пісьменнікам, журналістам Віктарам Сабалеўскім і супрацоўнікамі раённай бібліятэкі.
Віктар Віктаравіч – выключна беларускамоўны літаратар. Усе свае дзевяць кніжак паэзіі і прозы ён напісаў на роднай мове. Пісьменнік расказаў пра пачатак сваёй літаратурнай дзейнасці, асноўныя тэмы творчасці, паведаміў, як да яго прыходзіць натхненне, выказаў меркаванне, як захапіць мастацкім словам сучасную моладзь. З цікавасцю праслухалі падлеткі яго лірычныя і гумарыстычныя вершы, творы грамадзянскага гучання.
Цікавую размову пра важнасць і неабходнасць ведання роднай мовы ў жыцці кожнага беларуса распачала бібліятэкар Алена Кучук. А яе калега Вольга Віяленцій захапіла гімназістаў гульнёй “Знайдзі адпаведнік”. На асобных лісточках яна выпісала такія цікавыя, але рэдка ўжывальныя беларускія словы, як, скажам, “імбрычак”, “дубэльты”, “квач”, “на кукішках”, “аблавуха”, і старшакласнікам неабходна было не толькі знайсці адпаведнае слова на рускай мове (некаторыя хутка справіліся з такой задачай з дапамогай тэлефоннага перакладчыка), але і растлумачыць яго сэнс, прывесці прыклады яго ўжывання. А яшчэ вучні называлі беларускія прыказкі і прымаўкі, чыталі любімыя вершы на роднай мове. Некаторыя пакідалі бібліятэку з новымі кнігамі беларускіх літаратараў.
Прэс-служба МАА СПБ