Падары мне на памяць вершы

У Мінскай абласной бібліятэцы імя А. С. Пушкіна адбылася творчая вечарына “Падары мне на памяць вершы…”, прысвечаная Году міра і стварэння. Перад слухачамі выступілі паэты Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Рагнед Малахоўскі, Ірына Карнаухава, Лёля Багдановіч і Марына Лайкова.

 

Мерапрыемства прайшло ў форме дыялога, падчас якога пісьменнікі адказвалі на пытанні слухачоў – вучняў Мінскага педагагічнага каледжа мастацтваў і наведвальнікаў бібліятэкі. Чыталіся пранікнёныя радкі пра каханне паміж людзьмі і любові да Радзімы.

Р. Малахоўскі ў сваіх вершаваных зваротах да аўдыторыі распавядаў пра крохкасць адносін, шчырасць пачуццяў да жанчыны і да сваёй малой радзімы. З вуснаў І. Карнаухавай гучалі мілагучныя па-жаночаму пранікнёныя думкі аб вечнасці, у аснове якой – любоў. Л. Багдановіч эмацыйна чытала вершы, насычаныя душэўнымі перажываннямі за ўзаемазалежнасць міру ў сэрцы чалавека і міру ў свеце. М. Лайкова ўпрыгожыла сустрэчу выкананнем сваіх лірычных вершаў пад акампанемент гітары. Творчая вечарына была напоўнена добразычлівай атмасферай, госці з задавальненнем  слухалі творы ў выкананні аўтараў.

    

Прэс-служба МАА СПБ