Каб веліч былога не сцерці!
Да 215-годдзя з дня нарадэжэння класіка беларускай літаратуры, драматурга Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча ў раённым цэнтры культуры г. Валожына прайшла літаратурна-мастацкая сустрэча “Больш за ўсё я бацькоўскаму краю адданы”. На яе запрасілі вучняў мясцовых школ.
Са сцэны ў выкананні артыстаў РЦК гучалі творы Дуніна-Марцінкевіча, а члены тэатра-студыі “Летуценнікі” Валожынскай СШ №1 паказалі тэатральную замалёўку па п’есе “Пінская шляхта”.
Актыўны ўдзел у падрыхтоўцы і правядзенні сустрэчы прынялі Члены Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Марыя Шакун і Зінаіда Гасціловіч, а таксама ўдзельнікі народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь”. Яны прапанавалі гледачам свае паэтычныя прысвячэнні заснавальніку айчыннай драматургіі.
Мерапрыемства прайшло на ўзнёслым настроі, было прасякнута думкамі аб захаванні нашай літаратурнай спадчыны, аб чым думаў і клапаціўся славуты зямляк: “Каб веліч былога не сцерці!”.
Прэс-служба МАА СПБ