Літаратурны марафон да 80-годдзя Хатынскай трагедыі «Званоў перазвон». Уладзімір ЦАНУНІН. Мы – беларусы

На Вялікдзень крыштальных званоў карагод

Да нябёс узлятае над краем.

Мы – маленькі, але старажытны народ,

І традыцый сваіх не губляем.

 

Ёсць у кожнага хата, садок, агарод,

Морам жыта хвалюецца ў полі.

Мы – маленькі, але працавіты народ.

Не былі гультаямі ніколі.

 

Не ірвемся на Захад, не прэм на Усход,

Да суседзяў адносімся роўна.

Мы – маленькі, але вельмі мудры народ

І разважлівы, і памяркоўны.

 

Спрабавалі чужынцы нас кінуць за дрот,

Знішчыць мову, пазбавіць сумлення.

Мы – маленькі, але вельмі горды народ.

Не паставіш такі на калені.

 

Толькі памяць Хатыні і Вострава Слёз

Цяжкім каменем стукае ў грудзі.

Проста мы – беларусы і гэта наш лёс,

І другімі ніколі не будзем.