На сувязі – літаб’яднанне “Нёманец”

 

Заключнае ў гэтым годзе пасяджэнне пад назвай “Адданасць роднаму слову” аматарскага літаратурнага аб’яднання “Нёманец” пры Уздзенскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Паўлюка Труса адбылося напрыканцы мінулага тыдня.

У мерапрыемстве ўдзельнічалі як аматары прыгожага слова, так і  пісьменнікі Мінскага абласнога аддзялення СПБ. І гэта невыпадкова: з “Нёманца” ў Саюз пісьменнікаў Беларусі прыйшлі уздзенцы – празаік Дзмітрый Вінаградаў, дзіцячая пісьменніца Галіна Нічыпаровіч, паэты Віктар Сабалеўскі і Зоя Калкоўская, празаікі Валянціна Шытыка і Таццяна Цехнебедзіна. Па запрашэнні літаб’яднання госцем творчай сустрэчы стаў галоўны спецыяліст абласной пісьменніцкай арганізацыі паэт Рагнед Малахоўскі.

Выступоўцы звярталі ўвагу на пераемнасць літаратурных традыцый, якія існуюць на Уздзеншчыне, гаварылі пра дасягненні і праблемы творчага працэсу. У прыватнасці, Р. Малахоўскі адзначыў:

– Цудоўна, што ў невялікім па колькасці насельніцтва раёне сёння працуюць шэсць пісьменнікаў, дзейнічае літаб’яднанне, чым не могуць пахваліцца некаторыя куды большыя гарады і раёны. Але варта актыўней далучаць да літаратурнай творчасці моладзь.

Прэс-служба МАА СПБ, па матэрыялах В. Сабалеўскага.