20 кастрычніка 2022_ХІV Міжнародныя Купалаўскія чытанні “АД ПРАДЗЕДАЎ СПАКОН ВЯКОЎ”
Share the post "20 кастрычніка 2022_ХІV Міжнародныя Купалаўскія чытанні “АД ПРАДЗЕДАЎ СПАКОН ВЯКОЎ”"
20 кастрычніка 2022 года ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы пройдуць ХІV Міжнародныя Купалаўскія чытанні “АД ПРАДЗЕДАЎ СПАКОН ВЯКОЎ”, прысвечаныя 140-годдзю Янкі Купалы і 100‑годдзю зборніка “Спадчына”.
Традыцыйная навуковая канферэнцыя, арганізаваная Купалаўскім музеем, будзе прысвечана творчасці і грамадскай дзейнасці Янкі Купалы, яго ролі ў фарміраванні беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці, рэцэпцыі спадчыны нацыянальнага класіка ў сучасным свеце. Работа канферэнцыі пачнецца а 10‑й гадзіне.
У рамках канферэнцыі будзе прэзентавана кніга “Янка Купала” з серыі “Жыццё знакамітых людзей Беларусі” выдавецтва “Мастацкая літаратура”. Выданне падрыхтавана да 140‑годдзя з дня нараджэння народнага паэта Беларусі. Складальнік доктар філалагічных навук, беларускі літаратуразнаўца і крытык, перакладчык і перакладазнаўца Наталля Васільеўна Якавенка. У кнізе, якая ўвабрала вопыт папярэдніх біяграфічных выданняў, прысвечаных Песняру, чытачу прапануецца багатая мазаіка з фрагментаў успамінаў, артыкулаў, лістоў, дакументаў і шматлікіх фотаздымкаў – каштоўных памятак Купалавага часу. Адмысловы жыццяпіс слыннага творцы дазволіць па-новаму зірнуць на яго асобу. У прадмове складальніца слушна заўважае: “Кнігай, якую вы трымаеце ў руках, не ставіцца кропка ў купалазнаўчых даследаваннях, наадварот – прапануецца актыўнае чытанне і абмеркаванне, таму што голас Янкі Купалы выразна гучыць у размаітым хоры галасоў блізкіх яму людзей і працягваецца распачатая першай публікацыяй 15 мая 1905 г. – вершам «Мужык» – гутарка з беларускім народам…”. Прэзентацыя адбудзецца напрыканцы работы канферэнцыі а 16‑й гадзіне.
У 18.30 у рамках выставы “«Спадчына». 1922–2022” пройдзе сустрэча-лекцыя “Трэба грошы – і ёсць грошы!”. Даследчыца Юлія Латушкава, супрацоўнік Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, раскрые фінансавыя таямніцы Беларусі 1920‑х гадоў. Удзельнікі сустрэчы змогуць даведацца, які ганарар атрымаў Янка Купала за зборнік “Спадчына”, што азначае “пай ўваходу ў Беларускае кааперацыйна-выдавецкае таварыства «Адраджэнне»”, які заробак атрымліваў паэт як супрацоўнік Акадэмцэнтра і пра іншыя цікавыя факты.