Літаратурны марафон да Дня маці “Маці, мілая маці…”. Таццяна Цвірка

МАМЕ

Скача вавёрачкай вогнік у грубцы.

Дыхае цёплай самотай пакой.

Мама ў валёнках і зношанай куртцы

Цэдзіць на кухні вячэрні ўдой.

–  Холадна як! Аж да костак праймае,

Грэйся, дачушка, паленцаў падкінь.

Грэюся. Дзіўна, аднак жа, бывае:

Цела гарыць, а ў душы – скразнякі.

Кожны куточак да болю знаёмы,

Кожны разрэз на шпалерах знайду.

Дзе яшчэ будзе так лёгка, як дома?

Ды штось трывогу з душы не звяду.

Мама! Жыццё адлятае, як песня,

Шчасце ты смела ўплятала ў касу.

Лёс і не крыўдзіў цябе, і не песціў,

Употай не раз выцірала слязу.

Мама! Няўмольна гады прамінулі.

З весняй паводкай сплыла маладосць.

Так ужо сталася … Выбач, матуля,

Я ў тваёй хаце сягоння як госць.

Мама! Чаму душу студзіць трывога?

І  успамінамі сэрца лячу?

Вер, што сказаць табе трэба так многа…

Толькі … ”Даруй мне за ўсё!” – прашапчу.

 

ПАМЯЦІ  МАМЫ

Полымя свечкі. Воск слязою сплывае.

Я і не знала, што так балюча бывае…

Як мне стрываць, каб не задыхнулася сэрца?

Дзе мне ступіць? Зямля уцякае, здаецца…

Полымя свечкі слёзы затушаць раптоўна.

…Мамы няма! Устань, Аляксандра Пятроўна!..

Не, я не веру! Ды боль назаўжды застаўся…

Я не хачу! Ды хто ж у мяне спытаўся ?

 

Пастаўлю свечку на акне. Няхай гарыць.

                                Прыйдзіце, душы, да мяне. Пагаварыць.

                      А. Наўчанкова

Іду да мамы сцежкаю знаёмай.

І голас разаб’ецца, задрыжыць:

“Матулечка, як спіцца табе дома?

А я ў гасцях – жывым патрэбна жыць.

 

Дзянькі бягуць – збіраюцца навіны.

Маюе май, цюльпаны зацвілі.

Даруй нам, мама, і дачцэ і сыну,

Калі не так што, можа…Не змаглі…”

 

Пастаўлю свечку. Радаўніца. Вечар.

Прыйдзі, душа, хачу пагаварыць.

Твая прысутнасць думкі хай падлечыць,

Запэўніць хай: жывым патрэбна жыць

 

ПЕРШЫ ГОД БЕЗ МАМЫ

Веснічкі. Вярба. Калодзеж. Сені.

Не страчаеш. Ў хату не завеш.

Самі стол паставілі і селі.

А бліны дзе? Не, не прынясеш.

 

А вазонаў! Па табе сумуюць.

Ты іх не прыходзіш паліваць.

Кнігу на стале тваю святую

Не бярэ ніхто больш пачытаць.

 

Шафа рук  тваіх цяпла чакае,

Печ даўно ніхто ўжо не паліў.

Певень недабудзіцца – спявае.

І Дружок  твой голас не забыў.

 

Зноў калодзеж. Веснічкі. Машына.

Крыж ля плоту – абярэг людзей.

“ У імя  Айца, у імя Сына…”

Нас з малітвай тата правядзе.