Літаратурны марафон да Дня маці “Маці, мілая маці…”. Рагнед Малахоўскі
Share the post "Літаратурны марафон да Дня маці “Маці, мілая маці…”. Рагнед Малахоўскі"
Матулі
У час, калі гаснуць агні
І мары спавіты спакоем,
Мяне да грудзей прыхіні
Сваёю пяшчотнай рукою.
Цень свечкі варожыць на сон,
Цікуе з-за воблака поўня.
Па хвалях душы срэбны звон
Плыве беражніцай на чоўне.
Я сны твае сэрцам прыму
Як голас святой Беларусі.
Начамі, калі не да сну,
На вобраз матулі малюся.
Галінка бэзу
Маёй Матулі
Сцяжынка ўецца між бярозак беластволых,
Душа смяецца і працягвае любіць.
Гарыць агеньчык у вачах ад слёзаў кволых.
З глыбокай верай сэрца б’ецца зноўку жыць.
Галінка бэзу разважае у праменні
Льнянога сонца, што распальвае расу,
Куды лятуць зачаравана летуценні,
Што заплятаюць з каласоў жыцця касу.
Блакіт прасторы водар кветкавы люляе,
Гудзе, заняты дружнай працай, пчолак рой.
Бялюткі бэз павевы ветрыку вітае
І зачароўвае расквечаны настрой.