З паклонам да Купалы
11 ліпеня ў Мемарыяльным запаведніку “Вязынка” Маладзечанскага раёна адбылося штогадовае свята з нагоды дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Янкі Купалы. Шматлікіх гасцей сустракалі сядзіба, ў якой нарадзіўся пясняр, выстава-кірмаш вырабаў мясцовых народных майстроў, маляўнічыя краявіды запаведніка.

У цэнтры ўвагі была эстрадна-паэтычная праграма з удзелам мясцовых музычных творчых калектываў і паэтаў Саюза пісьменнікаў Беларусі. У свяце прынялі ўдзел прадстаўнікі раённай улады, дэлегацыі ад Дзяржаўнага музея імя Янкі Купалы і Мінскага гарадскога аддзялення СПБ.
Традыцыйна пісьменнікі Мінскага абласнога аддзялення СПБ не застаюцца ў баку ад гэтай важнай падзеі ў культурным жыцці краіны. У гэтым годзе арганізацыю прадстаўлялі намеснік старшыні аддзялення, паэт Рагнед Малахоўскі, паэты і празаікі Марыя Шакун, Лідзія Гардынец, Славамір Даргель, Зінаіда Багамолава, Наталля Жылевіч і Аксана Мітрошчанкава.

Госці ўсклалі кветкі да помніка народнаму паэту, а на канцэртнай пляцоўцы перад шматлікімі наведвальнікамі прагучалі іх аўтарскія творы, прысвечаныя Янку Купалу, роднай мове, Радзіме.
Прэс-служба МАА СПБ



















