«Я адкрываю вам душу…»

У Валожынскім РЦК адбылася святочная вечарына памяці і жывой спадчыны паэтэсы Валянціны Гіруць-Русакевіч.

Ёсць людзі, чыё жыццё становіцца не проста часткай гісторыі, а сапраўднай душой роднага края. Менавіта такой для Валожыншчыны была і застаецца Валянціна Францаўна Гіруць-Русакевіч — вядомая паэтэса, заслужаны журналіст, ганаровы член Саюза пісьмнннікаў Беларусі і чалавек бяскрайняй душэўнай шчырасці. Днямі ў зацішнай зале Раённага цэнтра культуры сабраліся тыя, для каго яе імя — гэта сімвал адданасці роднай зямлі, высокага мастацкага слова і бязмежнай любові да людзей.

Урачыстая сустрэча пад назвай «Я адкрываю вам душу» пачалася надзвычай паэтычна і ўзнёсла: у прыцішанай зале замілавана і шчымліва «плакаў» саксафон, наладжваючы кожнага прысутнага на хвалю светлага смутку, удзячнасці і чыстай памяці.

Адкрылі праграму ганаровыя госці — старшыня Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Леанідам Крыванос і яго намеснік Рагнед Малахоўскі. У прамовах быў адзначаны выключны маштаб творчага дару Валянціны Францаўны, яе важкі ўнёсак у нацыянальную літаратуру і невычэрпную энергію, з якой яна песціла моладзь і падтрымлівала літаратурнае жыццё вобласці. У бібліятэку народнага калектыву літаратурна-мастацкага майстэрства «Рунь», якім доўгі час кіравала Валянціна Гіруць-Русакевіч, быў падораны калектыўны зборнік вершаў “Сінякрылы матылёк”, куды ўвайшлі таксама творы Валянціны Францаўны.

Апошнія гады свайго плённага жыцця Валянціна Францаўна працавала ў Раённым цэнтры культуры, які стаў для яе другім домам. Пра яе высокі прафесіяналізм, душэўную чуласць і вялікую ролю ў культурным жыцці раёна цёпла і сардэчна расказала дырэктар РЦК Вераніка Ляшкевіч.

Асаблівай старонкай лёсу Валянціны Гіруць-Русакевіч была журналістыка. Шмат дзесяцігоддзяў паэтэса аддала раённай газеце «Працоўная слава». Ад імя рэдакцыі з павагай і шчырасцю выступіла супрацоўніца газеты Іна Бернардаўна Далідовіч, падкрэсліўшы, што калегі і сёння беражліва захоўваюць памяць пра яе праўдзівае, трапнае і жывое слова, якое заўсёды славіла чалавека працы.

У зале прысутнічала шмат родных і блізкіх Валянціны Францаўны, вельмі кранальным стаў выступ яе мужа — Рыгора Русакевіча. Адна са старэйшых удзельніц народнага калектыву літаратурна-мастацкага майстэрства «Рунь», член СПБ Марыя Шакун падзялілася ўспамінамі пра тое, як Валянціна Францаўна ўмела яднаць вакол сябе творчых людзей і запальваць новыя зоркі на літаратурным небасхіле раёна.

Другая частка сустрэчы ператварылася ў свята дзіцячай творчасці — адбылася прэзентацыя новай кнігі Валянціны Гіруць-Русакевіч «Пачытай і адгадай», выдадзенай у рамках праекта «Кніга разам з аўтарам». Сваімі думкамі пра важнасць гэтай падзеі падзяліліся дырэктар Валожынскай дзіцячай школы мастацтваў Ірына Гаспарэвіч і паэтэса, член СПБ Аксана Мітрошчанкава. Сапраўдным адкрыццём стаў паказ відэарада аб тым, як нараджаліся ілюстрацыі да кнігі. Выкладчык ДШМ Алеся Кухаронак расказала пра натхнёную працу юных мастакоў, якія праз пэндзлі і фарбы перадалі светлы настрой вершаў і загадак. Упрыгожваннем прэзентацыі сталі выступленні маленькіх чытачоў — вучняў 2 «Б» класа сярэдняй школы №1 г. Валожына. Хлопчыкі і дзяўчынкі так звонка, непасрэдна і артыстычна дэкламавалі вершы з новага зборніка, што выклікалі сапраўдны россып усмешак і шчырых апладысментаў ва ўсёй зале. Заслужаную хвіліну славы атрымалі і суаўтары кнігі — юныя мастакі Валожынскай ДШМ. Пад апладысменты дзеці атрымалі свае аўтарскія асобнікі.

Кульмінацыяй сустрэчы стала доўгачаканая прэм’ера дакументальнага фільма пра жыццёвы і творчы шлях паэткі пад назвай «На мове сэрца». Стужку прадставіў яе рэжысёр, вучань Валянціны Гіруць-Русакевіч — Аляксей Герман. Унікальныя архіўныя кадры, жывы голас паэтэсы і яе вершы расчулілі прысутных, падарыўшы адчуванне яе нязгаснай нябачнай прысутнасці сярод нас.

Мерапрыемства завяршылася паездкай на гарадскія могілкі, дзе да месца спачыну Валянціны Гіруць-Русакевіч былі ўскладзены кветкі.

Прэс-служба МАА СПБ