Святлана БЫКАВА. СІМФОНІЯ ВЯСНЫ
НЯЎХІЛЬНАСЦЬ
Ва ўбранні кветкавым, з вянком,
Вясна шыбуе па прасторах,
Звініць уранку жаўруком
І крочыць уначы па зорах.
Ёй вольна жыць тут, на Зямлі,
Чапляць бразготкі на бярозы,
Люляць зярнятка ў раллі,
Страсаючы ў барозны росы.
З яе няўхільнасцю ніхто
Не зможа у свеце паспрачацца.
У вечнай чарадзе гадоў
Ёй лёс — сыходзіць і вяртацца.
НА ВОЗЕРЫ
Ветрык паўднёвы ласкава
Кратае дрэвы рукой.
Возера хваляй рухавай
Гоніць зімовы спакой,
Бліскае вокам блакітным —
Вабіць яго дзіўны час.
Нібы ў люстэрку, ракіты
Свой разглядаюць анфас,
Мыюць у возеры косы —
Доўга чакалі вясны!
Хутка світальныя росы
Змыюць паўночныя сны.
Ціха, пяшчотна прытуляць
Вербы лясных галубоў.
Шчыра, нібыта матулі,
Будуць дарыць ім любоў…
Ветрык гуляе паўднёвы,
Сонейка грэе раллю.
Подых гаючы, вясновы
Зноў абуджае зямлю.
МАСТАК-ЧАРАДЗЕЙ
Адкуль бяруцца фарбы дня,
Таемнай ночы?
Хто ад відна і да відна
З палітрай крочыць?
Шчыруе пэндзалем вясной,
Як звар’яцелы,
Сядзіць узімку пад сасной —
Малюе белым.
Фантазій шмат у Мастака
І летуцення —
Кладзе чароўная рука
Святло і цені.
Малюнкаў столькі і ідэй —
Канца не будзе!
Малюе дзіўны Чарадзей —
Глядзіце, людзі!
НАТХНЕННЕ
Натхненне — бы хваля: імкнецца дабегчы
Да чыстага берага чулага сэрца.
Яно — нібы шэпт зноў народжанай зоркі,
Ці радасці водар, ці смак прыкра-горкі.
Навокал у чыста-празрыстым эфіры
Плывуць дзіва-гукі загадкавай ліры.
Унутраны водгук — нібы камертон,
Ён ловіць ледзь чутны, няўлоўны паўтон.
І недзе ў душы раптам арфа зайграе
Мелодыю сэрца — чароўнага мая…
НАДЗЕЯ
Надзею дораць казкі-сны…
Душа ў чаканні
Жывога подыху вясны,
Святога рання.
Мінулае — у небыцці:
Гады, падзеі…
Але не страчана ў жыцці
Яшчэ надзея,
Што спраўдзяцца падказкі-сны
Абавязкова:
Пачну на досвітку вясны
Я жыць нанова.
СІМФОНІЯ ВЯСНЫ
Гудуць вясновыя званы,
Шыбуе па прасторах вецер.
Абтрос ён з дрэў аковы-сны
І вольна гойдаецца ў вецці.
Ён — кампазітар, дырыжор,
Як на цымбалах, грае ў голлі.
Пад кіраўніцтвам «мэтра» хор
Спявае гімны ў наваколлі.
Гучыць сімфонія вясны,
І што ні гук — акорд ці нота.
Чаруюць срэбныя званы —
Спяваць і жыць ад іх ахвота.

















