Паэтычны марафон “ВОСЕНЬСКАЯ ПРЭЛЮДЫЯ”

Падборку літаратурных твораў  пад назвай

“ВОСЕНЬСКАЯ ПРЭЛЮДЫЯ” падаўжае

Татьяна Каленік

г.Мінск

 

Без зваротнага адраса

1
       Да Івонкіных веснічак ‒ вось толькі што ‒ вецер-паштар падыходзіў. Ён рухаўся лёгка і спрытна, прыціскаючы да грудзей падрыхтаваную карэспандэнцыю. На гэты раз: абрывак старой газеты замест рэкламнай улёткі, прыкамечаны фанцік (хацелася б ‒ ад батончыка “Чыпаліна”) і тоненькі канверт, увесь залатаны маркамі.
       Жанчына расплылася ва ўсмешцы, стала ўтульна: “…мне… жывы ліст! Гм… Якому дзіваку ўздумалася ліставацца поштай у наш час?!”.
       Не менш здзіўлены паштальён задумліва патаптаўся на месцы… паднёс канверт блізка да носа, як гэта робяць людзі з не вельмі добрым зрокам, зверыў адрасы. Потым падняў канверт угору, каб на прасвет пабачыць, што ў ім, і… плаўна апусціў пакет у кішэню палінялага плашча каліткі.
2
       Не паспеўшы выкаўзнуць з хатніх туфлікаў, аздобленых пухкімі пампонамі, Івонка ляцела насустрач паштовай таямніцы так, што разамлелыя хрызантэмы каля парога незадаволена забурчалі ёй услед!
       Сэрца гуло званом, займала дыханне, у роце станавілася салодка і зняможліва суха, а з паштовай скрыні ‒ абрывак старой газеты; прыкамечаны фанцік (не, не ад батончыка “Чыпаліна”); згорнутая слімаком жвачка-рагатушка (пажаваная); меланхалічны недакурак, па прыкметах якога лёгка вызначыць, як доўга не правяралі скрыню… А навошта? Газетны шапік амаль каля дома, а паштоўкі ды лісты нашым часам ‒ гэта, лічы, зніклая цывілізацыя.
       …Ах, так, канверт. А вось і ён! Тоненькі пакет грэў далоні… Яго адваротны бок вянчала наіўнае: “Лети с приветом!..”. Старанна выведзеныя літары ўсё ж скакалі па полі пажоўклай паперы, а ў двух месцах ‒ размазаўся атрамант. Лёгкі націск пяра, асаблівы нахіл, на першы погляд, здаваліся знаёмымі, і… незнаёмымі. “Напэўна, памылка…” ‒ рэхам адгукнуўся сумнеў.
       Простыя мілыя радкі: “Куды”, “Каму” на правым баку канверта ўтаймавалі збянтэжанасць: назва горада, вуліца, імя, прозвішча адпавядалі адрасату. Зваротнага адраса не было. Праўда, стаяў скавана-размашысты подпіс “Лета”.
3
       Спехам абарваны край канверта агаліў таямніцу: кляновы ліст! На гнуткім барвова-аранжавым дыску ‒ мелодыі Горада. Іх старанна запісвала Лета.
       …Мярэжная сурвэтка хуценька з’ехала з пыльнай паверхні бацькавай радыёлы. Як даўно яе ніхто не ўключаў! Прыемнае хваляванне адчулі нават кончыкі пальцаў. Івонка паклала дыск на планшайбу радыёлы, і, амаль не дыхаючы, апусціла “лапку”. Закруціліся ўспаміны, паветра, час… па парэпанай дарожцы кружэлкі пабегла іголка, абуджаючы старую лямпавую рэліквію. Стомленыя гукі пачалі напінаць пакой.
       У нотах ‒ водар рознакаляровых цукровых пеўнікаў на прыступках “Камароўскага рынку”… утрапёны танец чамаданаў на чыгуначным
вакзале… сціхоткая сага Свіслачы ў Траецкім. Вочы… мінакі… лёгкія сукенкі… Таропкія званочкі запозненага трамвая, і… скрозь неразборлівае мармытанне “Ікаруса” ‒ сарамлівае прыдыханне незнаёмца: “Мы з Вамі сустракаліся раней?”.
3
/Фотазамалёўка – Таццяны Каленік/

ПРЭС-СЛУЖБА МАА СПБ

3