Міжнародны дзень роднай мовы-2017
Творчая сустрэча Лёлі Багдановіч з выхаванцамі дашкольнага цэнтра г. Асіповічы
Творчая сустрэча з Аляксандрам Быкавым у Мядзельскай гімназіі-інтэрнаце
З нагоды Дня роднай мовы навучэнцы Маладзечанскага політэхнічнага каледжа разам з педагогам завіталі ў кнігарню «Спадчына» на невялікую сустрэчу з Таццянай Атрошанка.
Па адукацыі Таццяна філолаг, а па стане душы – паэт і музыкант. Яшчэ школьніцай дзяўчына адчула ў сабе любоў да мастацкага слова, Краса і сіла роднай мовы адкрылася Таццяне ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Ф. Скарыны, дзе яна вывучала філалогію. Там і дэбютавала як паэтка. Аўтар з асаблівымі пачуццямі прачытала ўдзельнікам сустрэчы той самы першы верш пад назвай «Маладосць мая», калісьці надрукаваны ва ўніверсітэцкай газеце.
Цяпер Таццяна — член Саюза пісьменнікаў Беларусі. На яе творчым рахунку — паэтычны зборнік «Не я…» з вершамі на беларускай і рускай мовах, дыск з песнямі «Унутры вялізнага горада» Дарэчы, песні Т. Атрошанка гучаць на радыёстанцыя краіны і замежжа, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах, прэстыжных канцэртных пляцоўках. У розных гарадах Беларусі творца збірае поўныя залы прыхільнікаў сваёй непаўторнай лірыкі, у цэнтры якой – мроі, перажыванні, летуценні трапяткой жаночай душы.
Як адзначыла госця ў час сустрэчы, яе вершы вельмі меладычныя і самі «просяцца» на музыку.
Дзесяць год у маладзечанскім Палацы культуры Таццяна Атрошанка кіравала патэтычным аб’яднаннем «Агмень». Тых жа з прысутных, у каго ёсць прага да творчасці ці паэтычныя спробы, яна заклікала развіваць свае здольнасці, паказваць вершы ці прозу прафесіяналам, абяцала падтрымку юным талентам.
— Падобныя сустрэчы з майстармі слова, прэзентацыі кніг, аўтограф-сесіі праходзяць ва ўсіх кнігарнях сеткі «Белкніга» і карыстаюцца вялікай папулярнасцю, — патлумачыў загадчык магазіна «Спадчына» Сяргей Субаткоўскі.
Госця «Спадчыны» таксама нагадала прысутным пра вытокі беларускасці, пра нацыянальных герояў розных эпох: ад Скарыны да Мулявіна. А яшчэ сустрэча ў кнігарні запомніцца моладзі як своесасблівая «моўная хвілінка» ад Таццяны Атрошанка, як урок бездакорнага валодання беларускай мовай – мілагучнай і пявучай. Роднай.
Лілія ЛІПНІЦКАЯ
У чацвер, 23 лютага, у актавай зале Заслаўскай гімназіі адбыўся святочны канцэрт, прысвечаны Дню роднай мовы.
Свята дзецям дапамаглі стварыць настаўніца беларускай мовы і літаратуры Даманава Валянціна Аляксандраўна з настаўнікамі-арганізатарамі гімназіі. Дарэчы, такое мерапрыемства становіцца ў гімназіі добрай традіцыяй – тут яно ладзіцца ўжо другі год запар.
На канцэрце гучалі песні на роднай беларускай мове. Выканаўцы – вучні розных узростаў – паказалі свой яскравы талент спевакоў.
Так здарылася, што дзень правядзення мерапрыемства супаў з Днём абаронцы Бацькаўшчыны. Гумарыстычнай песняй пад назвай “Дырэктар школы” вучні павіншавалі свайго любімага паважанага дырэктара Даманава Аляксандра Аляксандравіча з гэтым святам.
Удзел у кацэрце прымала заслаўская паэтка, старшыня Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Святлана Быкава. Яна таксама павіншавала Даманава А.А. і ўсю мужчынскую частку калектыву Заслаўскай гімназіі са святам і пажадала ім мірнага неба і поспехаў у выхаванні маладога пакалення. У якасці падарунка яна ўручыла дырэктару гімназіі калектыўны зборнік Мінскага абласнога аддзялення СПБ “Міншчына літаратурная”. Пасля гэтага Святлана Анатольеўна чытала свае вершы, а потым прадставіла прысутным удзельнікаў літаратурнага дзіцячага клуба “Ізяслаўцы”, які працуе пры гімназіі і кіраўніком якога яна з’яўляецца.
Слухачы былі прыемна ўражаны вершамі вучняў: старшыні клуба Скальскай Лізаветы, маладой паэткі Валеватай Вікторыі, Лукомскага Івана, Скрыпко Вікторыі, якія чыталі свае вершы на мілагучнай беларускай мове.
Дарэчы, шмат удзельнікаў клуба “Ізяслаўцы” з’яўляюцца слухачамі вочна-завочнай літаратурнай школы “Са-Творчасць”, якая працуе пры Мінскім абласным аддзяленні СПБ, дзе яны маюць магчымасць удасканальваць свае паэтычныя здольнасці. Менавіта таму цудоўныя вершы каля дваццаці пачынаючых паэтаў Заслаўскай гімназіі знойдуць сёлета сваё месца на старонках новага агульнагарадскога дзіцячага літаратурнага зборніка “Нашчадкі Рагнеды”, укладальнікам якога з’яўляецца Святлана Быкава.
Творчая сустрэча з Віктарам Кажурам у кнігарні “Кругозор” (г.Вілейка)


























