Чараўніцтва ці надуманасць у сучаснай казцы

У мяне ёсць пляменнікі рознага школьнага ўзросту. Іх, як і многіх з сённяшніх маладых людзей, наўрад ці можна аднесці да ліку актыўных кнігалюбаў. Але… Бацькі гэтых шкалят, ведаючы мяне як журналіста, які мае пэўныя адносіны да літаратурнага працэсу, час ад часу задаюць пытанне, што б іх дзеткам пачытаць з сучасных мастацкіх твораў у якасці пазашкольнага чытання. Не толькі з рэкамендуемых афіцыйна. І аднойчы, калі такое пытанне прагучала, я не задумваючыся ўзгадала кнігу пісьменніка Дзмітрыя Вінаградава “Кумир бронзвой птицы”. Два гады таму прачытала яе з задавальненнем і нават напісала рэцэнзію “Бронзавая птушка” дапаможа задумацца над гісторыяй і яе ўрокамі”, якая была надрукавана ў штотыднёвіку “Літаратура і мастацтва”.
Што ў кнізе ўразіла? Не буду пераказваць, а прапаную ўзгадаць рэцэнзію.

Народныя паданні з глыбокай даўніны і гістарычныя звесткі аб паганскіх плямёнах, якія жылі на беларускай зямлі, умела ўплецены ў фэнтэзійны сюжэт рамана пісьменніка Дзмітрыя Вінаградава пад назвай “Кумир бронзовой птицы”, выдадзенай у выдавецтве Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.
Вечныя падарожнікі і вандроўнікі славяне на пачатку VIII стагоддзя нарэшце аселі на сучасных беларускіх тэрыторыях, выцясніўшы адсюль балтаў. Тыя павінны былі пайсці з абжытых мясцін або навучыцца мірна існаваць з новымі суседзямі.
Пісьменнік паспрабаваў заглянуць у свет старажытных плямён і мастацкімі сродкамі дапамагчы чытачу адчуць, як тады жылі людзі, чым займаліся, што адчувалі, як адносіліся адзін да другога. Яскрава ўпісаны ў сюжэт рамана прыродныя з’явы, сутычкі і барацьба дзікіх жывёл, апісанне іх паводзін у яшчэ неабжытай прыродзе, працоўныя будні і каларытныя святы славян. Перад чытачом ва ўсёй велічы паўстаюць магутныя туры і зубры, мядзведзі-шатуны, драпежныя рысі, ненапалоханыя яшчэ алені і іншыя жывёлы, на якія былі багатыя лясныя гушчары, дзе рэдка ступала нага чалавека.

“…На льду реки происходила драма, исходом которой должна быть гибель одной из сторон. Стая в десяток волков в смертельной схватке одолевала медведя. Был он еще молод, в берлогу залёг впервые от мамаши.
Только неудачное место выбрал он под свой схрон. Вероятно, и берлогу вырыл медведь себе неглубокую, если волки его оттуда выкурили…
Медведь вертелся волчком, время от времени нанося серьезные удары, от которых серые отлетали далеко в сторону, замерев навечно. Но в это время сзади в него вцеплялись несколько волков. От медведя только клочья летели… Медведь стал ослабевать, но схватки не прекращал, хотя рёв его становился всё слабее…”

Такое цікавае апісанне дзікай прыроды і яе насельнікаў сустракаецца на працягу ўсяго рамана. Аўтар не шкадуе эпітэтаў і параўнанняў, іншых мастацкіх сродкаў, каб перадаць веліч і прыгажосць дзікай прыроды. Не менш яркім атрымалася ў яго апісанне народных паданняў і старадаўніх звычак нашых продкаў, напрыклад, пра Лешага, пра цёмныя і светлыя сілы, пра прарочыя сны Весяліны і яе прадказанні… Выразным атрымалася апісанне пра вырваную пасму барады (валасы – крыніца жыццёвай сілы), чужаку за гэта пагражала только смерць. Гульня “Воўк і заяц” менавіта і была на гэта накіравана: бяззбройнаму “зайцу” не збегчы ад узброенага “ваўка”…
Чалавечай прывабнасцю, разважлівасцю надзяліў пісьменнік аднаго з галоўных герояў кнігі волхва Анта. Яго адрозніваюць дынамічнасць учынкаў, думак, ён прымае важныя рашэнні неспяшаючыся, з роздумам… Жыць роду-племені ў адным агульным доме, ці кожнай сям’і будаваць асобнае жытло? “Что скажут боги? Дадут ли здесь поселиться?” Ант верыў у багоў, але калі быў упэўнены ў неабходнасці якіх-небудь вельмі важных крокаў, умеў падладзіцца пад абставіны. Так ён быў упэўнены ў тым, што прыйшоў час яго племені закончыць вандроўкі і асесці на адным месцы.
Падрабязна і цікава пісьменнік малюе старадаўні звычай па выбары месца для будаўніцтва дома: “…Волхв внимательно производит осмотр площадки: нет ли на этом месте дороги, которая может увести из дома мир и счастье. Нужно определить, нет ли следов былого жилища, а если есть, то не подвергалось ли оно огню. Коль беда случилась, то может повториться еще раз…” Цэлы раздзел прысвяціў пісьменнік апісанню гэтага звычаю.
Ёсць у рамане нават ведзьма, якую завуць Гаўдэмунда (у племені балтаў). Але яна ў кнізе – станоўчы герой. Менавіта ёй разам з волхвам Антам адводзіцца роля па навядзенні “мастоў” сяброўства паміж двума плямёнамі. Гаўдэмунда дапамагла закаханым Лелю і Лайме быць разам, нягледзячы на абставіны, стварыць сям’ю… Старая жанчына прадбачыла, што менавіта гэтыя маладыя людзі змогуць дапамагчы ўсталявацца міру на іх зямлі. Вось так яна настаўляла Таўтаміла, які прыйшоў сватацца за Лайму:

“Иди и запомни, чужой вайделот должен остаться живым, чтобы мы потом могли жить на земле в мире со славянами. И соединять нас с ними будет любовь Лаймы и чужака. Иначе беззаветная отвага и храбрость не спасёт наши роды от гнева богов и славян…”

Раман “Кумир бронзовой птицы” напісаны ў жанры гістарычнага фэнтэзі, дзе сапраўдная гісторыя пераплятаецца з фэнтэзійнымі элементамі. Такое спалучэнне надае раману не толькі захапляльнасць, загадкавасць, але і пазнавальнасць, прымушае чытачоў задумацца над гісторыяй і яе ўрокамі.
Магчыма, у гэтым рамане крыху не хапае гістарызму і больш канкрэтнай геаграфічнай прывязкі да нашых мясцін у плане назваў азёр, рэк, ці можа нават, населеных пунктаў. Акрамя Брагіна. Дзякуючы яму, мы разумеем, што падзеі рамана разгортваюцца дзесьці на тэрыторыі сучаснай Гомельскай вобласці…
А што ж бронзавая птушка? Якая ў яе роля ў гэтым рамане? Бронзавая птушка – ідал улады – павінна быць схавана глыбока ў надзейным месцы, каб не выклікаць у людзях агрэсіі, не сеяць варожасць, не распачынаць войны. Людзі павінны ўмець прыходзіць да згоды ў розных умовах і разам змагацца з бедамі. Толькі мірнае суіснаванне можа зрабіць нас шчаслівымі!

Калі чытала твор Дзмітрыя Вінаградава, падспудна прыходзіла думка аб асацыяцыі назвы з нечым знаёмым. Прыпомніла, што некалі мне вельмі спадабалася аповесць для падлеткаў вядомага расійскага празаіка Анатоля Рыбакова “Бронзовая птица”. Не, нічога агульнага са зместам рамана Дз. Вінаградава, акрамя, як ужо казала, пасылу да “бронзавай птушкі”. Так тады падумала і забылася.
Зусім нядаўна на вочы трапіліся новыя кнігі ўжо вядомага мне Дз. Вінаградава. Гэта двухтомнік “Большая книга сказок”, які складаецца з дзвюх кніг: “Чудесный подарок” і “В ночь на Ивана Купалу”. Кніжкі выйшлі ў выдавецтве Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. І мяне зацікавіла: па-першае, што новага сказаў аўтар у дзіцячай літаратуры? А па-другое, згодна з анатацыяй, яны прапаноўваюцца для сумеснага чытання дарослых і дзяцей.
Кнігі я прачытала даволі хутка. А потым, як часта бывае, спрацаваў шматгадовы прафесійны “погляд рэдактара” і пачаўся працэс асэнсавання іх зместу.
Магу прадбачыць, што чароўная казка “Приключения Деда Мороза” павінна зацікавіць малодшых дзяцей. Хоць пра гэтага казачнага персанажа ў літаратуры пісана і перапісана. Прыгоды галоўных герояў прынцэсы Бяляначкі і прынца Клауса з непрадказальнымі сюжэтнымі паваротамі захапляюць. Козні злой вядзьмаркі Злабінды прыводзяць у жах, ёй нават не можа супрацьстаяць добрая чараўніца Дова. Цікава вымаляваны вобразы іншых казачных герояў: Лешага, Вадзянога, трох Марозаў, Ёлачкі…
Але. Зноў узнікла гэтае крытычна-рэдактарскае “але”. У бацькоў, напрыклад, маіх пляменнікаў, і ўвогуле менавіта дарослых чытачоў, можа ўзнікнуць цалкам слушнае пытанне: ці мае права аўтар так вольна, як Дзмітрый Вінаградаў, выкарыстоўваць вобразы, створаныя іншымі пісьменнікамі, нават, класікамі? Напрыклад, некаторая частка казачных падзей адбываецца ў Лукамор’і, каля дуба, праўда, які ўжо засох.

“А ведь раньше этот дуб был знаменит во многих странах… Дуб весь был опутан золотой цепью, по которой ходил учёный кот. Кот сказки рассказывал да советы давал. На ветвях русалки качались да дивные песни пели для услады души. Иногда из вод выходили тридцать витязей во главе с дядькой Черномором…”

Мяркую, што ўсе адразу здагадаліся, адкуль узятыя гэтыя вобразы.
Прывяду яшчэ адзін прыклад. Вядзьмарка Злабінда наклала закляцце на прынцэсу Бяляначку і прынца Клауса і ператварыла іх у дрэвы – рабінку і дуб. Яна перанесла іх у іншае месца і пасадзіла на розныя берагі ракі. “Протянули они друг другу ветви, и это было всё, что они смогли сделать. Горько заплакали Беляночка и принц Клаус…” Калі да рабінкі прыляцела добрая чараўніца Дова, яна праспявала ўсім вядомую песню… напісаную на словы русскага паэта 19-га стагоддзя Івана Захаравіча Сурыкова:

– Что стоишь, качаясь, тонкая рябина,
Головой склоняясь, до самого тына?
Рябина ответила Дове, покачивая ветвями в сторону заколдованного в дубок принца Клауса:
– Там, через дорогу, за рекой широкой,
Также одиноко дуб стоит высокий.
– Что тебе до этого дуба? – спросила Дова.
Пропела рябинка-Беляночка очередной куплет:
– Как бы мне, рябине, к дубу перебраться?
Я б тогда не стала гнуться и качаться…

Магчыма, гэта і дзіва дзіўнае, але зусім не казачная з’ява ў літаратуры, тым больш, дзіцячай. Прыведзеныя прыклады з казкі-аповесці “Приключения Деда Мороза” не адзіныя запазычанні з іншых твораў. У другой кнізе казак “В ночь на Ивану Купалу” ёсць вершаваная казка “Сказка о прекрасной царевне лебеди”, напрыканцы якой аўтар, не робячы таямніцы, піша:

“Для меня же вышел час
О царевне кончить сказ.
А что дальше хочешь знать,
Надо Пушкина читать»…

Прыводзячы гэтыя прыклады, я мяркую, што адназначна адказаць на пастаўленае вышэй пытанне не проста. Бо такое выкарыстанне вобразаў усё ж такі нельга назваць плагіятам. Але і нейкае негатыўнае ўражанне тут ёсць. Таму што кніжка аўтара павінна быць аўтарскай, а ніяк не з запазычанымі героямі і вобразамі і тэкстамі іншых аўтараў без спасылкі на іх…
Што тычыцца казак пра жывёл, то яны таксама робяць дваістае ўражанне. Ёсць казкі хоць і з немудрагелістым тэкстам, але з своеасаблівай разыначкай, як, напрыклад, “Война в лесу”. У ёй апавядаецца, калі і чаму з’явіліся ў вожыкаў іголкі. Не ведаеце? Пачытайце. Казка “Лось и паук” таксама выклікае цікаўнасць у чытача, як і, магчыма, “Умелый бобёр”.
Але, на мой погляд, ёсць казкі надуманыя, гісторыі ў іх, як кажуць, прыцягнутыя за вушы, ды і пададзены стылістычна не вельмі добра. Прыклады – казкі “Ёжик-мечтатель”, “Заяц и волк”, “Соловей и заяц”. Напрыклад, у першай казцы апавядаецца пра вожыка, які вельмі любіў марыць, і марыць пра тое, што ніяк немагчыма зрабіць. Аднойчы вожык у думках пачаў прасіць сонца выканаць яго жаданні. І здарыўся цуд…

“Голос велел стать ёжику на задние лапки и перечислить все свои просьбы. Когда он их перечислял, а заодно придумывал новые, всему его телу было больно, но он терпел и все тараторил. Когда желания закончились, голос сверху сказал:
– Теперь ты можешь исполнить все свои желания. Ибо ты стал человеком.
Неизвестно, исполнил ли ёжик свои мечты, а вот предания говорят, что с тех пор на земле появились мечтатели, которые делают землю лучше и прекраснее.”

У чым сэнс казкі? У тым, што вожык-летуценнік “прородитель всех мечтателей, которые как бы не было трудно, проходят все тяготы и лишения”. Так сцвярджае аўтар. Згаджацца з ім ці не – справа чытача. Для гэтага звярніцеся да “Большой книги сказок” і іншых твораў Дзмітрыя Вінаградава. І зрабіце свае высновы.

Нэлі МЕЛЬНІЧЭНКА