Апошні летні. Выйшаў новы нумар часопіса “Маладосць”

У ім няма традыцыйнай для  Маладосці” лёгкасці і юнацкага запалу. На гэты раз сур’ёзныя аўтары ўздымалі сур’ёзныя тэмы.

Перш за ўсё трэба адзначыць артыкул “Паводле Пімена Панчанкі”, прысвечаны 100-годдзю з дня нараджэння нашага Народнага паэта. Гэты своеасаблівы тэкст-экскурсія па музею юбіляра: “Асабістыя рэчы паэта. Бела-блакітны кубак са сподачкам, акуляры і брытва, алоўкі, ручкі і нататнікі з запісамі, зробленымі яго рукой, фотаапарат, сувеніры з вандровак і ключыкі ад чамаданаў, гальштукі-стужкі з арнаментам, шэры пінжак… У адной вітрыне захоўваецца запэцканы чарніламі піянерскі гальштук, побач — разгорнутая кніжачка з вершам пра яго. Кранальную гісторыю пра тое, як расчуленая дзяўчынка на сустрэчы з паэтам у Бухары падбегла да яго і аддала яму свой гальштук, расказваецца тут заўсёды з асаблівым уздымам і выклікае асаблівы настрой. Напэўна, не толькі настрой, але і ўспаміны — у кожнага свае”. Ёсць нешта сімвалічнае ў тым, што пра колішняга галоўнага рэдактара “Маладосці” піша сённяшні галоўрэд часопіса. Вось яна, пераемнасць пакаленняў!

Між тым, жнівень парадаваў нас яшчэ адным юбілеем – 500-годдзем беларускай кнігі! Вельмі дарэчна да гэтай даты прыйшлася адмысловая тэматычная падборка паэзіі Людкі Сільновай. Ёсць там і такі верш:

Класіка 
Нагледзеўшыся тэленавінаў,
старая адна ўсвядоміла
непазбежнае і прашаптала:
«Можа, хутка пачнецца
праклятая гэта вайна,
а я яшчэ ўсю
сусветную класіку не прачытала…»

Адны – чытаюць класіку, іншыя – ствараюць яе. А як увогуле становяцца пісьменнікамі, і што рухае тымі, хто адмаўляецца ад спакойнага жыцця і з галавой нырае ў бязлітаснае мора айчыннай літаратуры? На гэтыя пытанні паспрабаваў адказаць Канстанцін Касяк, які дзеліцца з чытачом сваім досведам:“Пісаць мне захацелася тады, калі я пачаў рэгулярна прыходзіць на працу да сваёй маці — бібліятэкаркі. На паліцах стаялі кнігі, і я ўяўляў, што аднойчы абавязкова стану героем адной з іх. Я і цяпер веру ў тое, што рана ці позна гэта адбудзецца. Пісьменнікі тым і адрозніваюцца ад звычайных людзей: на працягу ўсяго свайго жыцця яны не толькі вераць у казкі, але і ствараюць іх. Прыдумляюць рэальнасць, як сапраўдныя фантазёры, у якой многія пасля і жывуць”.

Як ніхто іншы стварае ўласную рэальнасць Дзмітрый Рубін. Часам нават падаецца, што героі яго твораў жывуць па-суседству з персанажамі Франца Кафкі: “Ганначка любіла правіць. Летам у бабулі яна правіла котак, мух, кусты, мурашнікі. Мурашнікі было правіць найбольш цікава. Бо яны вельмі часта выходзілі за межы. Утваралізамежжа на нашай роднай зямлі. Ганначка карэктавала мурашыную колькасць. Агульную колькасць і колькасць членаў пэўных сацыяльных груп. Старанна абрывалалапкі, каб працэнт мурашоў з недахопам ног прыблізіўся да сярэдняга ў краіне. Каб краіна была без замежных плям і магла ўпэўнена пісацца з вялікай К”.

Але зразумела, што гэта далёка не ўсё, што прыхавала пад сваёй вокладкай жнівеньская “Маладосць”. Падрабязней – толькі на старонках часопіса!

Кірыл Мяцеліца

“Созвучие”