Літаратурны ўраджай Заслаўшчыны
Старажытны горад Заслаўе, як і іншыя шматлікія гарады Беларусі, паспяхова гадуе змену сваім сталым літаратарам і мастакам. У апошні час выдадзены два агульнагарадскія зборнікі дзіцячай літаратурнай творчасці – “Струмені заслаўскай крынічкі” (2016 г.в.) і “Нашчадкі Рагнеды” (2017 г.в.), укладальнікам і рэдактарам якіх з’яўляецца заслаўчанка, старшыня Мінскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”, паэтка Святлана Быкава. Сааўтарамі першага зборніка сталі 77 юных паэтаў і празаікаў горада Заслаўя, а ў яго ілюстраванні прынялі ўдзел каля 40 вучняў Заслаўскай дзіцячай школы мастацтваў. У другім зборніку змешчаны літаратурныя творы 56 аўтараў і малюнкі 28 юных мастакоў.
Старшыня Заслаўскага гарвыканкама Карташова Святлана Пятроўна, якая ў свой час не толькі падтрымала ідэю выдання зборнікаў, але і дапамагла вырашыць пытанне аб іх фінансаванні, у гэтым годзе вырашыла адзначыць асабліва таленавітых сааўтараў і ілюстратараў двух названых зборнікаў. Падчас правядзення Свята горада, якое адбылося ў нядзелю, 27 жніўня, 20 чалавек былі выкліканы на святочную сцэну. У прысутнасці шматлікіх жыхароў горада Заслаўя і гасцей свята ад імя Заслаўскага гарвыканкама ім былі ўручаны падзякі. Ад ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” на ўзнагароджанні прысутнічала Святлана Быкава, якая ўручыла юным талентам кнігі з пажаданнямі натхнення і далейшых творчых поспехаў. Сярод узнагароджаных былі слухачы вочна-завочнай школы “Са-Творчасць”, якая працуе пры Мінскім абласным аддзяленні ГА “Саюз пісьменннікаў Беларусі”: Скальская Лізавета – старшыня літаратурнага клуба “Ізяслаўцы” пры ДУА “Заслаўская гімназія”, Цітоў Цімур, Валеватая Вікторыя, Жыдовіч Яўгенія, Валовіч Кацярына і інш.
Сярод узнагароджаных былі і дарослыя, якія маюць дачыненне да падрыхтоўкі калектыўных зборнікаў да выдання: настаўнікі сярэдніх навучальных устаноў, школы мастацтваў, а таксама кіраўнікі прадпрыемстваў, якія пералічылі фінансавыя сродкі для выдання (дырэктар ІП “Косвік” Яноўскі Уладзімір Сяргеевіч і дырэктар ТАА “Уладпрадімпарт” Брэмшміт Уладзімір Гар’евіч).
Напрыканцы ўзнагароджання Святлана Быкава, якая таксама атрымала ад гарвыканкама падзяку і падарунак, выказала ўдзячнасць Заслаўскаму гарвыканкаму і асабіста яго старшыні Карташовай Святлане Пятроўне за дапамогу, за ўвагу да маленькіх таленавітых заслаўчан і ўпэўніла, што выданне калектыўных дзіцячых зборнікаў працягнецца і далей, таму што крынічка заслаўскіх дзіцячых літаратурных талентаў не знікае, а становіцца больш шырокай і бурлівай. Сваё выступленне яна завяршыла вершам:
Душа дзіцячая ў вершы
Званочкам залатым звініць.
Верш першы – як струменьчык першы –
З яго крынічка пабяжыць.
Натоліць таленту крынічка
Жывое зернейка ў раллі.
Сярод людзей успыхне Знічка,
Каб светла стала на Зямлі.


















