Да Дня беларускага пісьменства. Літагляд – 2023 (па творах пісьменнікаў Міншчыны)
Share the post "Да Дня беларускага пісьменства. Літагляд – 2023 (па творах пісьменнікаў Міншчыны)"
Літаратурная прастора Беларусі насычана як жанравай, так і тэматычнай разнастайнасцю выдаваемых кніжак: мастацкіх, публіцыстычных, навукова-папулярных, вучэбных. Менавіта кнігі з’яўляюцца важнай крыніцай асветы, даюць новыя веды, садзейнічаюць фарміраванню патрыятычных і агульначалавечых каштоўнасцей у грамадстве, захаванню нашай гістарычнай памяці. Варта нагадаць творы Васіля Быкава, Алеся Адамовіча, Уладзіміра Караткевіча і іншых.
Свой важкі ўнёсак у стварэнне кніжнай прасторы нашай краіны робяць і літаратары Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Яны выдалі ў 2023 годзе 60 кніг агульным тыражом больш за 51 тысячу экзэмпляраў. Дастаткова гэта ці не для аматараў чытання ў маштабах краіны і, нават, прысталічнага рэгіёну, пытанне рытарычнае. Галоўнае, на мой погляд, якасць гэтай літаратуры і адпавяданне запатрабаванням часу.
Найбольш адметнымі па колькасці твораў сярод членаў аддзялення ў гэтым годзе аказаліся дзіцячыя пісьменнікі: яны выдалі 24 кнігі, якія, у асноўным, прызначаны для дзяцей малодшага школьнага ўзросту. Напрыклад, Лёля Багдановіч адзначылася серыяй маленькіх кніжачак “Бабуліны казкі” ў прыватным выдавецтве А.Вараксіна, а ў дзяржаўным выдавецкім доме “Звязда” – паўнацэннай кніжкай казак “Казка – у жыцці падказка”. Здаецца, можна было б пакрытыкаваць Лёлю Уладзіміраўну за гэтыя “непаўнацэнныя” кніжачкі па 6-8 старонак. Але яны напісаны лёгка, цікава і з гумарам, кожная з іх – асобная цэльная гісторыя, складзеная ў класічных традыцыях народнага казачнага фальклору: “Сарочыны байкі”, “Чароўная крынічка”, “Бабуліны пончыкі”… Галоўныя героі – звяры і птушкі нашых лясоў, хатнія жывёлы, прыродныя з’явы. Кніжкі Лёлі Багдановіч надрукаваны ў каляровым афармленні, з цікавымі малюнкамі. Такія творы гарантавана карыстаюцца добрым попытам у дашкалят і іх бацькоў.
Кнігі вядомай дзіцячай пісьменніцы Кацярыны Хадасевіч-Лісавой, прызначаныя, у асноўным, для дзяцей малодшага і сярэдняга школьнага ўзросту, адрозніваюцца крыху іншымі напрамкамі: фантастычна-прыгодніцкімі, фэнтэзійнымі, сярод яе твораў ёсць, нават, жахлівік. Гісторыі гэтага аўтара – гэта сучасны пісьменніцкі падыход да стварэння дзіцячай літаратуры: “Па чырвоных стрэлках” (жахлівік), “Палёт на Вухуцію” (касмічнае фэнтэзі).
На маю думку, прывабнымі для маленькага чытача, і нават слухача, будуць вершы і вершаваныя казкі Святланы Быкавай “Маленькие радости” і “Сказка о Росинке” а таксама кніжкі Алены Стэльмах “Папяровы самалёцік” і “Пашка і сонечны праменьчык”. Дарэчы, за апошнюю кніжку аўтар атрымала Нацыянальную літаратурную прэмію.
Зацікавяць кнігалюбаў не толькі маленькага ўзросту кніжкі Ірыны Карнаухавай “Дверной дом” і “Байкальский солнцеворот”, Таццяны Дашкевіч “Взрослеть никогда не рано или Один невероятный день из жизни обычного мальчика» і іншых літаратараў.
На мой погляд, сярод дзіцячай літаратуры 2023 года не хапае рэалістычных гісторый з жыцця сучасных падлеткаў, якія могуць стаць добрым прыкладам для іх сацыялізацыі ў грамадстве.
У публіцыстыцы адзначыўся вядомы гісторык, даследчык тэмы Вялікай Айчыннай вайны Барыс Далгатовіч. Яго 8 кніг, якія выдадзены ў серыі “Гісторыя для школьнікаў” выдавецтвам “Беларусь”, – гэта, у асноўным, энцыклапедычныя даведнікі аб гераічных удзельніках Вялікай Айчыннай вайны, складзеныя з біяграфій і вайсковых шляхоў тых, хто ў асобныя перыяды вайны праявіў сябе. Аб гэтым сведчаць і назвы: “Битва за Комарин. Начало освобождения Беларуси», «Едут, едут по Берлину наши земляки! Белорусы в боях за Берлин» і іншыя. З першага погляду можа падацца, што гэта выключна даведачная інфармацыя. Але за кожнай чалавечай біяграфіяй – падзеі, якія характэрызуюць барацьбу савецкага народа супраць нямецка-фашысцкіх агрэсараў. “…Командир эскадрильи 46-го гвардейского Таманского ночного легкобомбардировочного женского авиаполка гвардии капитан О.А. Санфирова во время Белорусской операции 1944 года бомбила живую силу и технику противника под Могилёвом, Гродно, на переправе через реку Птичь. На её счету 630 боевых ночных вылетов. В ночь на 13 декабря 1944 года при возвращении с боевого задания её самолет был подбит. О.А. Санфирова погибла на минном поле…» (з кнігі «На вершине славы. Женщины – Герои Советского Союза – на фронтах Великой Отечественной войны).
Плённа супрацоўнічала з Белтэлерадыёкампаніяй празаік, сцэнарыст, кандыдат гістарычных навук Наталля Голубева. Па яе сцэнарыям на тэлевізійныя экраны краіны выйшаў цыкл дакументальна-публіцыстычны фільмаў “Генацыд. Без права на жыццё”, рэалізаваліся іншыя гісторыка-дакументальныя тэлепраекты, прысвечаныя падзеям Вялікай Айчыннай вайны і вядомым беларусам таго часу. Яе шматгадовая праца на літаратурнай, сцэнарнай ніве была адзначана высокай узнагародай. Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 10 лютага 2023 года № 34 Н.Голубевай прысвоена ганаровае званне – заслужаны дзеяч культуры Беларусі.
Заслугоўваюць увагі краязнаўчая кніжка Алеся Карлюкевіча “Навагрудчына. Літаратурнае гняздо Беларусі” і фотаальбом Уладзіміра Ліхадзедава “Ад Віцебска да Полацка”. Дарэчы, У.Ліхадзедаў ў 2023 годзе быў удастоены медалі Францыска Скарыны за праект “Бацькаўшчына”, у аснову якога ляглі старадаўнія паштоўкі і фотаздымкі з асабістай калекцыі аўтара.
У паэзіі на першае месца можна паставіць Фёдара Гурыновіча, таму што за сваю “Паляўнічую паэму” ён атрымаў Нацыянальную літаратурную прэмію. Вялікі паэтычна-тэматычны твор, у якім назва цалкам адпавядае зместу. Гэта творчы вынік шматгадовага захаплення аўтара паляваннем.
“…Здаецца, я вучыўся ў сёмым класе,
І тата ўзяў мяне на паляванне.
І ўбачыў я, як пасля стрэлу качка
Упала на іскрыстую ваду…”
Захапляюча паэтычна апісвае Ф.Гурыновіч цікавыя выпадкі з палявання на розных жывёл і птушак: чыркоў, зайцаў, вепрукоў, цецярукоў… Паэма напісана на дзвюх мовах: беларускай і рускай.
Паэтэса Зінаіда Гасціловіч прыцягнула ўвагу літаратурнай грамадскасці тым, што выдала дзве кніжкі перакладаў на беларускую мову вершаў Аляксандра Пушкіна і Івана Крылова, а крыху раней яшчэ і Сяргея Есеніна. Яна не першая, хто звяртаецца да перакладу твораў класікаў рускай літаратуры. Але яе прачытанне іх на беларускай мове будзе цікавым для настаўнікаў, як рускай, так і беларускай літаратуры, і школьнікаў. Са свайго школьнага вопыту памятаю і сёння радкі:
“Мороз и солнце, день чудесный!
Еще ты дремлешь, друг прелестный –
Пора, красавица, проснись:
Открой сомкнуты негой взоры
Навстречу северной Авроры
Звездою севера явись!»
А вось пераклад З.Гасціловіч на беларускую мову:
“Мароз і сонца; дзень чароўны!
Яшчэ ты дрэмлеш, друг цудоўны –
Прачніся, любая, устань:
Адкрый самкнуты погляд ласкай,
Паўночнае Аўроры казкай,
Ты зоркай поўначы паўстань!”
Паэтычны зборнік Наталлі Жызнеўскай “У палоне пачуццяў” напоўнены багатай палітрай: патрыятызму, прыгажосці, кахання, роздуму.
Сярод празаічных кніг для дарослага чытача адзначу “Закон всемерного тяготения» і «Судьбой повенчаны с границей» Леаніда Крываноса. У жанравым плане ў кнігах прадстаўлены апавяданні, аповесці, навелы, напісаныя ў ваенна-прыгодніцкім ключы, яны адрозніваюцца рэалістычнасцю апавядання і інтрыгуючым сюжэтам.
Лірычныя раманы «Тепло поздней осени» Зіновія Прыгодзіча і «Одиночество любимых» Рыгора Саланца, а таксама фантастычны раман Генадзя Аўласенкі «Золотые пески забвения», несумненна, знойдуць свайго чытача, таму што тэмы кахання, сяброўства, семейных трагедый з’яўляюцца вечнымі.
Чатыры кніжкі Славаміра Даргеля, на мой погляд, патрабуюць некаторай дапрацоўкі ў плане стылістыкі і літаратурнай мовы. Бывае, што аўтары вельмі ўпэўнены ў сваім асабістым вопыце і не надаюць патрэбнай ўвагі працы прафесійных рэдактараў. Як вынік, паніжаецца мастацкі ўзровень твораў. Несумненна, кніжкі “Я деревней крещенный», «Спаси, Господи, душу мою», «Братья наши меньшие» з вялікай цікавасцю будуць чытаць землякі, знаёмыя і сваякі Славаміра Рыгоравіча. А вось для пашырэння кола чытальнікаў і павышэння мастацкай значнасці твораў, на мой погляд, патрэбна больш скрупулёзнае рэдактарскае рэдагаванне іх тэкстаў.
Сярод аўтарскіх выданняў пісьменнікаў Міншчыны прагледжваецца тэматычнае радство іх зместу, што ў нейкім сэнсе абумоўлена літаратурнымі традыцыямі. Магчыма гэта падштурхнула літаратараў звярнуцца і да тэмы Хатынскай трагедыі, 80-годдзе якой адзначалася ў гэтым годзе. Мінскае абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі выдала калектыўны зборнік мастацкіх і дакументальных твораў “Званоў перазвон”. Яны прысвечаны Хатыні і іншым беларускім вёскам, якія былі спалены ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Кніжка ўбачыла свет у выдавецкім доме “Звязда”. Колькасць аўтараў зборніка – больш за трыццаць пісьменнікаў, якія сваім словам сведчаць аб тым, што памяць беларускага народа сцерці нельга. У гэтым я згодна з рэцэнзіяй Кастуся Хадыкі на гэту кнігу, якая была надрукавана ў штотыднёвіку “Літаратура і мастацтва” 10 лістапада 2023 года: “… клопат мастакоў слова – занатоўваць гэты час, выкладаць сваю грамадзянскую і творчую пазіцыю ў дачыненні да мінулага і сучаснага ўсведамлення даўніх падзей”.
Лічу, зборнік – гэта свайго роду “рэінкарнацыя болю”, як напісаў адзін з аўтараў, рэквіем ахвярам спаленых вёсак. Менавіта Хатынь стала сімвалам загінуўшых у полымі ні ў чым не павінных беларускіх дзяцей, жанчын, старыкоў, жорстка замучаных нацыстамі. Калектыўны зборнік “Званоў перазвон” упэўнена можна назваць сацыяльназначымым праектам, як адзначана ў прадмове да яго, “літаратурнай вахтай памяці, словам да будучых пакаленняў”.
Падагульняючы літагляд-2023, скажу наступнае: магчыма, гэта далёка не поўны аналіз літаратурнага працэсу на Міншчыне. Галоўнае – гэты працэс існуе і працягваецца. Творы сучасных пісьменнікаў, у асноўным, адпавядаюць запатрабаванням часу. Азіраючыся на класікаў, якія заклалі традыцыі літаратурнага слова, адзначу, што мастацкі ўзровень кніг, якія ўбачылі свет у гэтым годзе, дастаткова высокі. Безумоўна, працаваць пісьменнікам у напрамку якасці яшчэ ёсць над чым, бо кожны твор патрабуе поўнай самааддачы.
Працяг будзе.
Нэлі МЕЛЬНІЧЭНКА



















