Пісьменнікі Міншчыны на фестывалі “Маладзечна – 2026”

Юбілейны ХХV Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі “Маладзечна – 2026” завяршыўся, а ўражанні засталіся надоўга, бо актыўны ўдзел у ім прымалі і пісьменнікі Міншчыны.

11 чэрвеня ў Маладзечанскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Максіма Багдановіча адбылася папярэдняя прэзентацыя калектыўнага зборніка “Сінякрылы матылёк”, прысвечанага 135-годдзю класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча. Кніга стала вынікам сумеснай працы Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры і Мінскага абласнога аддзялення СПБ. Удзел у мерапрыемстве прынялі некаторыя аўтары зборніка: Уладзімір Цанунін, Леанід Крыванос, Тамара Бярэзіна, Рагнед Малахоўскі, Вольга Савасцюк, Лідзія Гардынец і Людміла Круглік. Чыталіся вершы-прысвячэнні, гаварылася пра тое, што натхніла паэтаў на іх напісанне. Сярод гасцей былі народны артыст Беларусі Эдуард Ханок, заслужаны дзеяч культуры Беларусі Міхась Пазнякоў, супрацоўнікі бібліятэк і настаўнікі літаратуры раёна.

12 чэрвеня ў гарадскім Палацы культуры на падвядзенні вынікаў рэспубліканскага конкурсу імя Міколы Мятліцкага сярод маладых паэтаў ушаноўвалі адну з лаўрэатаў – нядаўна прынятую ў шэрагі абласной арганізацыі СПБ Паліну Дваранскую, а таксама пачынаючага аўтара з Барысава Васіля Лайкова.

13 чэрвеня на пляцоўцы каля кінатэатра “Радзіма” адбыўся канцэрт народнага калектыву аўтарскай песні і паэзіі “Жывіца”, значную частку праграмы якога склалі выступленні пісьменніц аддзялення Ірыны Карнаухавай, Тамары Бярэзінай і Аксаны Мітрошчанкавай. У гэты ж дзень удзел у шанаванні памяці Янкі Купалы ў доме-музеі “Вязынка” прыняла паэтэса і дзіцячая пісьменніца Лёля Багдановіч.

Пісьменнікі Міншчыны ўдзельнічалі і ў іншых фестывальных мерапрыемствах.

Прэс-служба МАА СПБ