З нагоды 130-годдзя з дня нараджэння Кандрата Крапівы
23 красавіка ў Уздзенскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Паўлюка Труса адбыліся літаратурна-краязнаўчыя чытанні да 130-годдзя байкапісца, драматурга, акадэміка, перакладчыка, народнага пісьменніка Беларусі Кандрата Крапівы.


Пачалася імппрэза з дэкламацыі і інсцэніровак баек Кандрата Крапівы. Пра гэта паклапаціліся юныя ўдзельнікі тэатральнай студыі “Вітамін”. Старшыня Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Леанід Крыванос сказаў пра творчую спадчыну К. Крапівы, якую і сёння дастойна працягваюць паэты Уздзеншчыны. Крыху пазней гэта пацвердзілі сваімі байкамі, гумарэскамі Віктар Сабалеўскі, Дзмітрый Вінаградаў, Галіна Нічыпаровіч. Кіраўнік абласной пісьменніцкай арганізацыі ўручыў грамату рэспубліканскай творчай суполкі Д. Вінаградаву, якой той удастоены ў сувязі з 20-годдзем з дня ўтварэння абласнога аддзялення.


Цікавымі былі выступленні, з дэманстрацыяй рэдкіх фотаздымкаў і згадваннем раней мала вядомых фактаў з біяграфіі Кандрата Кандратавіча, галоўнага бібліёграфа Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, мастацтвазнаўцы Юліі Амосавай, перакладчыка, кандыдата філалагічных навук Аксаны Данільчык, старшага навуковага супрацоўніка Акадэміі адукацыі, літаратуразнаўцы, магістра філалагічных навук Таццяны Лаўрык.
Да юбілея земляка нашы бібліятэкары арганізавалі і правялі віктарыну-конкурс, прысвечаную жыццю і творчасці К. Крапівы, у якой прынялі ўдзел школьнікі і дарослыя з розных куткоў раёна. Пераможцам уручаны дыпломы.
Дабавілі лірычнага настрою і беларускага каларыту ў ход мерапрыемства песні ў выкананні салісткі РДК Вольгі Тоўстай.
Віктар Сабалеўскі

















