Сакавіцкая сустрэча уздзенскіх літаратараў

Яна была прысвечана 130-годдзю з дня нараджэння К. Крапівы. Але спачатку падзяліліся ўражаннямі аб удзеле ў прэзентацыі літаб’яднання “Нёманец” на Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашы пісьменніцы Галіна Нічыпаровіч і Валянціна Шытыка.

Віктар Сабалеўскі паведаміў, што на Уздзеншчыне годна шануюць памяць пра земляка-сатырыка. У раённых, абласных і рэспубліканскіх конкурсах на лепшую байку, гумарыстычны твор, прысвечаных чарговаму юбілею К. Крапівы ці пэўнай падзеі з яго творчай спадчыны, у розныя гады ўдзельнічалі звыш дваццаці літаратараў прынёманскага краю. І сёння пішуць у такім жанры Дзмітрый Вінаградаў, Дзмітрый Сабалеўскі, Галіна Нічыпаровіч, Ала Шыбко, Вольга Бокуць, Мікалай Галавенчык, Мікалай Старавераў, іншыя. На сустрэчы прагучалі новыя творы. Да вопытных літаратараў далучаюцца і навічкі, што нядаўна далучыліся да творчай суполкі.

А ў бліжэйшы час творчыя намаганні паэтаў і празаікаў раёна будуць скіраваны да праслаўлення беларускай жанчыны. Ёсць задумка за паўгода сабраць лепшыя вершы, апавяданні, прысвечаныя нашым маці, дочкам, жонкам, сяброўкам, і выдаць калектыўны зборнік.

Прэс-служба МАА СПБ