Прэзентацыя кнігі аб аперацыі “Баграціён”

25 сакавіка ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі прайшла прэзентацыя кнігі “Операция «Багратион». Дорогами Победы: итоги, уроки”, выдадзенай выдавецтвам “Беларусь”.

Выданне прысвечана аналізу вынікаў і ўрокаў беларускай стратэгічнай аперацыі “Баграціён” для разумення сучасных працэсаў, якія адбываюцца ў свеце.

Сярод аўтараў беларускія і расійскія вучоныя, ваенныя дзеячы, пісьменнікі, а таксама непасрэдныя ўдзельнікі гістарычных падзей і іх сваякі. Сваімі даследаваннямі, успамінамі, дакументамі з сямейных архіваў, якія раней не публікаваліся, яны дапаўняюць веды аб гэтай унікальнай аперацыі.

Аўтарам-складальнікам выступіла кандыдат гістарычных навук, заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь Наталля Голубева, якая і прэзентавала кнігу.

У мерапрыемстве таксама ўзялі ўдзел прадстаўнікі Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Пасольства Расіі ў Беларусі, дэпутаты, дзяржаўныя і грамадскія дзеячы.

Кніга прапануе лічбы, факты, унікальныя архіўныя матэрыялы і аповед пра падзеі, якія адбываліся ў перадваеннай Еўропе і на завяршальным этапе Вялікай Айчыннай вайны. Чытачам яшчэ раз нагадаюць пра тое, якія дзяржавы выступілі на баку Германіі ў момант яе ўварвання на тэрыторыю СССР, пра шматлікія фарміраванні еўрапейскіх наёмнікаў. У прэамбуле кнігі даецца ўсебаковы аналіз узаемадзеяння еўрапейскіх краін з гітлераўскай Германіяй напярэдадні вайны, падпісаных з ёй пагадненняў, пачынаючы з 1933 года.

На аснове ўнікальных дакументаў з архіваў Расіі і Беларусі – сапраўднай перапіскі І. Сталіна з У. Чэрчылем, Ф. Рузвельтам і іншымі палітычнымі дзеячамі, шыфровак, данясенняў ваеннай разведкі, дырэктыў Беларускага штаба партызанскага руху – чытач даведаецца аб тых інтрыгах, якія ствараліся вакол СССР і яго саюзнікаў у перадваенны перыяд і пасля завяршэння вайны, аб дзейнасці ваенных разведчыкаў, партызан падчас правядзення аперацыі “Баграціён”, аб дзеяннях 4-х франтоў, веды аб якіх дапаўняюць дзеці і ўнукі маршалаў Перамогі.

Падчас мерапрыемства Наталля Аляксандраўна таксама прадставіла сваю новую кнігу – ваенна-гістарычны дэтэктыў “Кукольник”. Ён з’яўляецца працягам рамана “Камея «Салидат»” і прысвечаны дзейнасці знешняй разведкі ў перадваенны перыяд. Падзеі разгортваюцца ў сярэдзіне 1930-х гадоў, калі свет рыхтаваўся да вайны, а спецслужбы вядучых сусветных дзяржаў уступалі ў сутычку за доступ да інфармацыі аб новых ваенных распрацоўках, зброі масавага паражэння і асабліва да даследаванняў па псіхалагічным уздзеянні на свядомасць людзей.

Крыніца: Нацыянальная бібліятэка Беларусі