Паэты Міншчыны на фестывалі “Маладзечна – 2025”
У межах ХХІV Нацыянальнага фестываля беларускай песні і паэзіі «Маладзечна – 2025» літаратары Мінскага абласнога аддзялення СПБ прынялі актыўны ўдзел у святочных мерапрыемствах.
13 чэрвеня ў Маладзечанскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Максіма Багдановіча перад аматарамі прыгожага мастацкага слова з літаратурна-музычнай імпрэзай «Межы Радзімы – месца бязмежнага гераізму» выступілі Леанід Крыванос, Рагнед Малахоўскі, Ірына Карнаухава, Уладзімір Цанунін, Віктар Сабалеўскі, Галіна Мароз, Тамара Бярэзіна, Наталля Жызнеўская і Аксана Мітрошчанкава.

На пачатку сустрэчы старшыня аддзялення Леанід Крыванос і яго намеснік Рагнед Малахоўскі расказалі пра рукапіс кнігі “У іх жыцці была вайна”, які складзены з асобных твораў пісьменнікаў аддзялення, якія ваявалі пад час Вялікай Айчыннай вайны, або з’яўляюцца “дзецьмі вайны”. Кніга ўжо знаходзіцца ў друку. Чыталіся вершы вядомага пісьменніка з Любаншчыны Івана Муравейкі, якія ён напісаў у гады вайны.

Далей адбылася прэзентацыя альманаха «Граніца літаратурная. Межы Радзімы – месца бязмежнага гераізму» да 80-годдзя Вялікай Перамогі». Перад слухачамі выступілі некаторыя яго аўтары: І. Карнаухава, В. Сабалеўскі, Н. Жызнеўская. Парадаваў аўтарскімі песнямі У. Цанунін.

Сваімі новымі творамі падзяліліся маладзечанская паэтэса Т. Бярэзіна і маладая паэтэса з Валожына А. Мітрошчанкава. Вялікую цікавасць выклікала выступленне паэтэсы з Лагойска Г. Мароз “Ад Філадэльфіі да Мінску – рыфмуючы жыццё”. Аўтар значную частку года праводзіць у амерыканскай Філадэльфіі, дзе дапамагае даглядаць сваіх унукаў.

На працягу ўсіх фестывальных дзён пісьменнікі Міншчыны дзяліліся сваімі творчымі дасягненнямі і на іншых пляцоўках свята. 
Прэс-служба МАА СПБ

















