Літаратурна-мастацкая фотавыстава «Адвечная повязь пакаленняў»

14 сакавіка 2025 года ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры распачынае працу часовая літаратурна-мастацкая фотавыстава “Адвечная повязь пакаленняў”. Адкрыццё – а 16-й гадзіне.

На фотаэкспазіцыі прадстаўлены партрэтныя і падзейныя фотаздымкі беларускіх літаратараў ХХІ стагоддзя: ад малодшага пакалення да тых, хто пачаў пісаць яшчэ ў ХХ стагоддзі.

Аўтар мастацкіх фотаздымкаў – Рагнед Малахоўскі – беларускі паэт, аўтар зборнікаў “Беражніца”, “У дзённай мітусні”, “Жыві!”, “Шлях слязы”, намеснік старшыні Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, рэдактар аддзела паэзіі штотыднёвіка “Літаратура і мастацтва”.

Прыйшоўшы ў літаратуру ў даволі маладым веку, аўтар пасябраваў з многімі майстрамі слова. Ён меў магчымасць сустракацца з імі, назіраць за творчым жыццём, пераймаць майстэрства, вопыт і канешне – фатаграфаваць. Падыход да здымкаў фатографа-аматара заключаецца ў яго імкненні ствараць не банальныя партрэты, а праўдзівыя, жывыя вобразы. Ён ніколі не прымушае асобу пазіраваць, а “ловіць” яе ў пэўны эмацыйны момант – узрушаны, засяроджаны, гарэзлівы, рамантычны і г.д. Як літаратар, ён здольны тонка адчуць стан свайго, блізкага па духу, героя, перадаць яго характар, думкі. За час прафесійнай дзейнасці ў літаратуры Рагнед Малахоўскі паспеў стварыць даволі вялікую фотагалерэю сучаснікаў, літаратараў розных пакаленняў.

Алесь Савіцкі, Мікалай Чаргінец, Казімір Камейша, Зіновій Прыгодзіч, Ганад Чарказян, Міхась Пазнякоў, Міхась Башлакоў, Мікола Мятліцкі, Анатоль Зэкаў, Навум Гальпяровіч, Алесь Карлюкевіч, Таццяна Сівец – больш за 50 выбітных, яскравых, таленавіных прадстаўнікоў сучаснай беларускай літаратуры, заспетых фатографам у розных жыццёвых сітуацыях, можна пабачыць на фотавыставе.

Запрашаем!

Выстава будзе дзейнічаць па 25 лютага 2026 г. па адрасе г.Мінск, вул.М.Багдановіча, 13. Уваход вольны.

Даведкі: +375 17 395 44 47 (Князева Ірына Расціславаўна).

Крыніца: Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры