“Асуджаныя” Чарнобылем

Кожная значная гістарычная падзея не толькі набывае ацэнку яе сведкаў і ўдзельнікаў, але і пераасэнсоўваецца нашчадкамі. Толькі праз чатыры гады пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС народны паэт Беларусі Максім Танк у сваім вершы “Самае доўгае расстанне” назваў нас – суайчыннікаў – “асуджанымі” Чарнобылем. Чаму так? Па-першае, гэта было яго асабістае рэагаванне на атамны чарнобыльскі выбух, які адбыўся 26 красавіка 1986 года, важкае літаратурнае слова вядомага ў краіне чалавека да сваіх землякоў. Па-другое, сёння, нават праз сорак гадоў, мы бачым у яго паэтычным звароце да беларусаў празарлівасць мудрай асобы. Максім Танк – адзін з тых пісьменнікаў, хто надаў імпульс сумленнаму і рознабаковаму асвятленню страшэннай трагедыі, якая прынесла нам шматлікія чалавечыя, матэрыяльныя і псіхалагічныя страты.
Сорак год не сціхае боль “ліквідатараў”, “перасяленцаў” і ўсіх пацярпелых. І сорак год “паэтычнае, публіцыстычнае і празаічнае слова беларускіх пісьменнікаў дапамагае многім людзям справіцца з напаткаўшымі іх хваробамі, душэўным болем, псіхалагічным, а часам і псіхічным крызісам…” – такое меркаванне выказаў у прадмове да кнігі “Чарнобыльскія саракавіны” старшыня Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Леанід Крыванос.
З вершаў трыццаці паэтаў Міншчыны, прысвечаных Чарнобыльскай трагедыі, напісаных на працягу 40 гадоў пасля аварыі, быў складзены гэты калектыўны зборнік і выдадзены ў серыі “Бібліятэчка Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі” у 2026 годзе Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі.
Выдадзеная кніжка – гэта водгукі болю, перажыванняў, своеасаблівая малітва айчынных паэтаў за родную зямельку, за “душы ўсіх, хто паклаў жыццё на справу ліквідацыі” наступстваў аварыі. Так, верш Валянціны Гіруць-Русакевіч – як маленне шчырае да Бога за родную Беларусь, якой прыходзіцца пераадольваць столькі розных напасцяў, як малітва за тое, каб не паўтарылася бяда:

“……………………………………
З Беларусі любай змый атруту,
Што Чарнобля попелам завецца…
Будзь, маленне шчырае, пачута –
Хай ратунак на зямлю пральецца.
Блаславі, Ўсявышні, нашы нівы,
І лясы, і рэкі, й сенажаці,
Блаславі, каб светла і шчасліва
Сонцу над зямелькай нашай ззяці!
Блаславі, Ўсявышні, Беларусь!”

Паэтэса Лёля Багдановіч таксама сэрцам і словам моліць за родны народ:

“…………………………………
Будзь жа літасны, любы мой Бог!
Смерць-пачвару гані за парог.
Беларускі народ пашкадуй,
Захіні, загарні, адратуй…”

У творах паэтаў Міншчыны прысутнічаюць мастацкія замалёўкі-думкі, прысвечаныя пакінутым забруджаным вёскам, гераічныя вобразы ліквідатараў, прыняўшых на сябе першыя жахі трагедыі, перажыванні пакутных перасяленцаў, вымушаных назаўсёды з’ехаць з родных мясцін…

“Я гэта помню: хмара на ўсё неба
Зацьміла красавіцкае світанне.
Казала маці: “Не сумуй, не трэба,
Наш татка вернецца… ён на заданні…”
А ён быў там, дзе полымя гуло,
Атрутай пыхаў атамны рэактар,
І там для ўсіх адно імя было,
Адно і тое ж слова – “ліквідатар”… (Яўген Пясецкі)

“Стукае брамкаю вецер,
Разарве цішыню.
Тут ніхто не прывеціць,
Не запаліць агню.
Чый ты, двор апусцелы,
Сум у вокнах-вачах?
Хто душою збалелай
Тут бывае у снах?”… (Вольга Савасцюк)

“Час апаленай птушкай ляціць,
Над Палессем маім галосіць –
Памяць рвецца туды, крычыць,
Забыцця-паратунку просіць”… (Віктар Кажура)

Зборнік “Чарнобыльскія саракавіны” – гэта сучасны мастацка-літаратурны погляд на тэхнагенную катастрофу, якая стала незабыўнай трагедыяй у гісторыі беларускага народа. Галоўнае, у творах, якія змешчаны ў кнізе, прысутнічае надзея на тое, што мы пераадолеем выпаўшыя на нашу долю нягоды. Вось які аптымістычны верш напісаў Яўген Пясецкі:

“Па бяскрайніх прасторах бягуць
Веснавыя, гаючыя воды,
Ў снах атрутных марнець не даюць.
Прачынайся, мой край, уставай
На стваральную, спорную працу,
Каб адроджаным здолеў узняцца
Мой пакутны чарнобыльскі край”.
У чытача можа ўзнікнуць пытанне: чаму ў назве зборніка прысутнічае слова “саракавіны”? Як кажуць аўтары ідэі, у гэтым ёсць нейкая духоўная складаючая, якая тычыцца хрысціянскай традыцыі:

“Развітальна-меладычна
Адбівае звон званар
На прыступцы
Шляху ў вечнасць,
Дум няздзейсненых і мар.
Языком па калакольным
Нёбе плешча:
Бум-бом-бог…
Прэч, на неба
Душы прагнуць
Ад зямных турбот, трывог.
Ладзяцца саракавіны, –
Сорак год –
Бы сорак дзён
Па чарнобыльскіх ахвярах.
Бум-бом-дон…
Развітальна-меладычна
Адбівае звон званар
На прыступцы
Шляху ў вечнасць,
Дум няздзейсненых і мар”. (Леанід Крыванос)
Кніга “Чарнобыльскія саракавіны” стане напамінам нашчадкам пра трагічнае мінулае Беларусі, звязанае з аварыяй на ЧАЭС. Гэтую ідэю ў сваім вершы выказаў паэт Рагнед Малахоўскі:

“Ніколі не забыць святой магілы
Пад хмараю чарнобыльскага пылу
Сынам і дочкам будучых вякоў”.

Так яно ці не – пакажа толькі час!
Нэлі МЕЛЬНІЧЭНКА