Чырвоныя ружы – у памяць паэта
17 верасня літаратары Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі накіраваліся на Мядзельшчыну на свята, прысвечанае Дню народнага адзінства і 110-годдзю з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Максіма Танка. Яно пачалося з мітынга на галоўнай плошчы Мядзеля, у якім прынялі ўдзел прадстаўнікі прадпрыемстваў і грамадскасць раёна. Пасля афіцыйнай часткі і ўшанавання лепшых работнікаў Мядзельшчыны, былі ўскладзены кветкі да помніка славутага земляка – Максіма Танка.
Дэлегацыя ад Мінскага абласнога аддзялення СПБ дапоўніла сваю асабістую праграму на гэтым свяце наведваннем літаратурна-краязнаўчага музея імя Максіма Танка, у якім захоўваецца шмат унікальных экспанатаў з гістарычнага і літаратурнага жыцця паэта. Пісьменнікі сустрэліся з вучнямі Сваткаўскай школы, дзе таксама наведалі школьны музей імя народнага паэта, а са сцэны актавай залы падчас знаёмства прачыталі свае новыя вершы да гэтых дзвюх памятных дат.
Вялікае ўражанне выклікала ў літаратараў паездка ў вёску Пількаўшчына, на сядзібу Максіма Танка. Як даніна ўшанавання пісьменнікамі памяці паэта і яго родных, на могілкі ляглі чырвоныя ружы.
Рагнэд Малахоўскі
У Дзень Народнага Адзінства
Наш сцяг узняты урачыста –
Эпоха новага світанку.
У Дзень Народнага Адзінства
Мы зазірнем у вочы Танку.
Адзін народ. Адна краіна.
Лёс – ва ўзаемадапамозе.
Навекі разам быць павінны,
Не дрэмле вораг на парозе.
Мы ўсе – зямлі любімай дзеці.
Сябры, бацькі, браты і сёстры.
І хоць віруе зло у свеце,
Бароніць Бог Радзімы вёрсты.
Хай сонца ззяе прамяніста
Ў душы, на працы, над Айчынай.
У Дзень Народнага Адзінства
Адчуць сябе сям’ ёй адзінай.
.
Лёля Багдановіч
Душа паэта
Незакончаны радок,
Песня недапета…
Жоўтага пяску грудок –
Сховішча паэта.
Прылятае па начах
У куток той Муза.
Зорны россып, Млечны Шлях…
Спі спакойна, дружа.
Працінаюць аж наскрозь
Тут пралесак вочы.
Дабрыня і прыгажосць
За натхненнем крочыць.
Не ўтаймуецца ніяк
І душа Паэта,
Прабівае зорны шлях
Песняю няспетай.
Прэс-служба МАА СПБ





















