Да 100-годдзя з дня нараджэння Івана МУРАВЕЙКІ
Да 100-годдзя з дня нараджэння Івана МУРАВЕЙКІ
Беларускі паэт Іван Андрэевіч Муравейка (21.10.1921, Таль, цяпер Мінская вобласць — 05.03.2021, Любань) з’яўляўся членам Мінскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”. Усяго толькі некалькі месяцаў не хапіла калегам-пісьменнікам, каб павіншаваць майстра Слова з яго 100-гадовым юбілеем.
Нарадзіўся будучы паэт у сялянскай сям’і. Скончыў Любанскую сярэднюю школу і ў 1939 г. паступіў у Мінскі камуністычны інстытут журналістыкі, але хутка папоўніў шэрагі Чырвонай Арміі. У гады Вялікай Айчыннай вайны ўдзельнічаў у баях на Заходнім, Данскім, 3-м Украінскім і 1-м Беларускім франтах. Быў паранены.
У 1945—1947 гадах у складзе Цэнтральнай групы войскаў служыў у Германіі. У 1947 годзе дэмабілізаваны. У 1948—1952 гадах працаваў адказным сакратаром і рэдактарам любанскай раённай газеты «Кліч Радзімы». Скончыў Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве (1964), працаваў адказным сакратаром любанскай раённай газеты «Будаўнік камунізму». Пазней жыў у Любані. Член Саюза пісьменнікаў СССР (з 1953 года).
Дэбютаваў Іван Андрэевіч у друку ў 1936 годзе ў газеце «Піянер Беларусі». Ён пакінуў для нас сваю багатую спадчыну – шматлікія зборнікі паэзіі для дзяцей: «Песня над палямі» (1955), «Ручаінкі» (1956), «Вось якія мы» (1958), «Пра работу і ляноту» (1960), «Дружная сямейка» (1961), «Сняжынкі-смяшынкі» (1962), «Сем колераў вясёлкі» (1965), «Лясное возера» (1970), «Мы таксама падрасцём» (1971), «Дуб і дубок» (1977), «Няхай сонца не заходзіць» (вершы, паэмы, казкі, 1981), «Я прыдумаў казку» (1985), «Вадзіца з крыніцы» (2006), «Растуць дзеці» (2011), «Як завуць казу?» (2016) і інш. У сааўтарстве з А. Андруховічам выдаў кнігу «На зямлі камунараў» (1979). Тэме вайны прысвечаны такія яго зборнікі вершаў, нарысаў, успамінаў як «Прынёс з вайны» (1991), «Была вайна» (2009), «Я — Іван з Беларусі» (2010, 2014).
Іван Андрэевіч Муравейка ўзнагароджаны:
- Ордэнам Айчыннай вайны I-й (двойчы) і II-й ступені;
- Ордэнам Чырвонай Зоркі;
- Медалём Ф. Скарыны.
Ён з’яўляецца:
- Заслужаным работнікам культуры БССР (1982)
- Лаўрэатам літаратурнай прэміі «Залаты Купідон»
- Ганаровым грамадзянінам горада Любані.
ПРЭС-СЛУЖБА МАА СПБ


















