Шчыры, сціплы, добразычлівы…
30 жніўня група прадстаўнікоў уздзенскай інтэлігенцыі наведала могілкі ў вёсцы Забалацце, дзе знайшоў свой вечны спачын пісьменнік, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны Алесь Махнач. У гэтыя дні яму споўнілася б 95 гадоў.
Магіла Алеся Іванавіча размешчана на цэнтральнай алеі, паблізу капліцы. З гранітнага помніка, нібы жывы, на нас пазірае, крыху прыплюшчыўшы вочы, чалавек з адкрытым тварам, у задуменна-творчым памкненні. Такім ён быў і ў жыцці – спакойны, разважлівы, шчыры, заўсёды гатовы выслухаць, прыйсці на дапамогу.
–Цудоўны быў чалавек, — прыгадвае Анатолій Папко, колішні дырэктар раённага гісторыка-краязнаўчага музея, — адзін з лепшых з кагорты нашых знакамітых землякоў, каго я ведаў. Шчыры ў адносінах з аднавяскоўцамі, землякамі, ён поўнасцю аддаваў сябе працы па ўшанаванні людзей, вартых добрага слова, падзей, што пакінулі адметны след у гісторыі. Колькі гадоў, дзён і бяссонных начэй прысвяціў ён, адзін з першых у беларускай літаратуры, праслаўленню гераічнага подзвігу абаронцаў Брэсцкай крэпасці, удзельнікам гэтых падзей і сам з’яўляўся. А колькі намаганняў прыклаў у абарону Нёмана, іншых уздзенскіх рэчак, калі з-за бяздумнай меліярацыі ўзніклі вядомыя экалагічныя праблемы. Часта бываў на Уздзеншчыне, рад быў кожнай сустрэчы з землякамі. Не раз сустракаў яго па дарозе з аўтавакзала ў Забалацце з торбачкай у руках – вёз лекі, абаранкі, іншыя прысмакі сястры, суседкам, знаёмым. Або такі выпадак, які характарызуе яго як чалавека, грамадзяніна, адданага сына роднай зямлі. На юбілейнай урачыстасці ўручылі Алесю Іванавічу ганаровую грамату райвыканкама, а ў дадатак – канверт з пэўнай сумай. Тут жа, не адкрываючы канверт і нават не спытаўшы, колькі там грошай, просіць: а гэта папрашу выкарыстаць на добраўпарадкаванне забалацкіх могілак…
Кіраўнік раённага літаратурнага аб’яднання “Нёманец” Віктар Сабалеўскі прывёў прыклады таго, як А. Махнач клапаціўся пра маладых паэтаў, празаікаў роднага краю – цікавіўся творчымі дасягненнямі пачынаючых аўтараў, сціплыя кніжачкі з аўтографамі ўздзенцаў захоўваў побач з творамі класікаў, наведваючы малую Радзіму, заходзіў і ў рэдакцыю, музей, бібліятэку. Прачытаўшы ў раённай газеце нарыс пра няпросты лёс паэта Віктара Казлоўскага, неўзабаве патэлефанаваў, прапанаваў: “У мяне ж ёсць пэўныя ўспаміны пра яго, аналіз яго ранніх твораў, кніг, якія толькі ў ленінскай бібліятэцы можна адшукаць. Паглядзіце, можа што прыгодзіцца…”
Жанчыны вырвалі некалькі травінак, што выраслі каля магільнай агароджы. Да помніка паэту-земляку ляглі жывыя кветкі.
Не меў Алесь Іванавіч ганаровых званняў (хіба што – заслужаны дзеяч культуры Беларускай ССР), важкіх тытулаў, значных узнагарод. Ды народная любоў на ўздзенскай зямлі даражэй за многае. Вершаванымі радкамі выказала яе і Тамара Каляда:
Алесь Махнач! Бягуць гады,
А памяць ветла прамяніцца.
Вы ў спісе творчае арды,
Імя пашанай залаціцца…
Сяргей ВАСІЛЬЧУК


















