У Дзяржынску прайшоў міжрэгіянальны фестываль “Літаратурная скарбніца”
Share the post "У Дзяржынску прайшоў міжрэгіянальны фестываль “Літаратурная скарбніца”"
“Лес цяжка ўявіць без асобна ўзятай ялінкі, маленькага мураша, любой іншай жывой істоты. Так і нашу беларускую літаратуру немагчыма ўявіць без кожнага асобнага аўтара з любога райцэнтра, мястэчка, маленькай вёскі. Сілкуючыся талентамі з месцаў, айчынная літаратура накоплівае мудрасць нашага народа і ў адпаведнай апрацоўцы даносіць да чытача з любога куточка нашай радзімы высокамастацкія творы, вартыя ўсеагульнай увагі”.
Гэтая думка, выказаная першым намеснікам старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Аленай Стэльмах на міжрэгіянальным фестывалі “Літаратурная скарбніца”, што прайшоў на базе Дзяржынскай цэнтральнай раённай бібліятэкі, стала пацвярджэннем таго, што сучасная беларуская літаратура сілкуецца за кошт талентаў, самабытных творцаў з глыбінкі. З мэтай паслухаць калег-суседзяў, абмяняцца вопытам, падзяліцца творчымі планамі і была ажыццёўлена даўняя задумка аб’яднаць творчыя намаганні літаратараў некалькіх раёнаў Прысталічча.
Ужо звыш дзесяці гадоў існуюць цесныя сувязі паміж уздзенскім літаб’яднаннем “Нёманец” і дзяржынскім “Вытокам”. Час ад часу да іх сумесных спраў далучаюцца паэты і пісьменнікі з Клецкага, Мінскага, іншых раёнаў прысталічнай вобласці. І вось на гасціннай дзяржынскай зямлі адбылася сустрэча літаратараў гэтага, Уздзенскага і Мінскага раёнаў. Гасцей фестываля віталі кіраўнікі бібліятэчных устаноў раёнаў Валянціна Клімовіч, Аксана Драчан і Аксана Кумінская. А затым сваімі творчымі здабыткамі дзяліліся паэты, пісьменнікі, публіцысты, музыкі (усяго – звыш трыццаці чалавек).
Вядома ж, рэй вялі вопытныя ўжо майстры слова, члены Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Дзмітрый Вінаградаў, Антон Анісовіч, Галіна Нічыпаровіч, Віктар Сабалеўскі, Людміла Круглік, Валянціна Шытыка, Таццяна Цехнебедзіна, іх маладзейшыя калегі, а для некаторых выступленне на фестывалі было першым перад такой прадстаўнічай аўдыторыяй. Гучалі вершы і песні пра свае родныя мясціны і нашу агульную маці-Радзіму, пра жанчын і каханне, пра дзяцінства і сяброўства, патрыятычнага і філасофскага гучання, знайшлося месца і для гумару.
Творцы прэзентавалі свае новыя кнігі. Звыш дзесяці паэтычных і празаічных выданняў з аўтографамі аўтараў папоўнілі бібліятэкі кожнага з трох раёнаў. І паміж сабой пісьменнікі абменьваліся творчымі здабыткамі.
Усе выступоўцы падчас “круглага стала” – абмеркавання вынікаў праведзенага фестывалю – сыходзіліся на думцы аб тым, што гэтае мерапрыемства павінна стаць вельмі важнай вехай у справе аб’яднання творчых намаганняў літаратараў Міншчыны. Цёплыя словы пажаданняў новых поспехаў прагучалі з вуснаў першага намесніка старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Алены Стэльмах, намесніка старшыні Дзяржынскага райвыканкама Вольгі Ігнатавай, загадчыка аддзела культуры гэтага райвыканкама Аляксандра Станкевіча, кіраўнікоў бібліятэчных устаноў, паэтаў і пісьменнікаў. За значны ўклад у развіццё сучаснай беларускай літаратуры і захаванне культурнай спадчыны рэгіёнаў падзячнымі пісьмамі аддзела культуры Дзяржынскага райвыканкама адзначана праца кіраўнікоў літаб’яднанняў Віктара Сабалеўскага, Наталлі Лебядзеўскай і Анатолія Шкоды.
У наступным годзе фестываль “Літаратурная скарбніца” пройдзе ў адным з суседніх раёнаў. Не выключана, што да яго далучацца творцы з іншых рэгіёнаў Міншчыны.



Прэс-служба МАА СПБ





















