Паміж старонак і мелодый
Сталічны філіял нотна-музычнай бібліятэкі на вуліцы Рыбалкі, 2 даўно з’яўляецца актыўным культурным цэнтрам, адкрытым для літаратурных эксперыментаў і дыялогу. Дзякуючы актыўнасці і гасціннасці яе кіраўніка – пісьменніцы, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі Таццяны Каленік, кніжная прастора заўсёды рада вітаць як знакамітых аўтараў, так і пачаткоўцаў.
У чарговы раз у сценах сталічнай бібліятэкі было шумна і шматлюдна. У атмасферы ўтульнага кніжнага гарадка сабраліся аматары літаратуры, каб стаць сведкамі значнай падзеі – прэзентацыі першай кнігі маладой аўтаркі, рэдактара часопіса “Маладосць” – Ксеніі Зарэцкай. Мерапрыемства было прымеркавана да Дня беларускага пісьменства, які сімвалізуе неўміручасць роднага слова і пераемнасць пакаленняў, і знайшло свой цёплы водгук у душах прысутных.
Дэбютны зборнік празаічных твораў “Мяне там чакаюць” – гэта шчырая размова пра пошук свайго месца ў жыцці, сувязь пакаленняў і вядома ж, каханне. Фэнтэзійныя творы Ксеніі, напоўненыя тонкім псіхалагізмам і цікавасцю да гісторыі роднага краю, а таксама любоўю да сваіх герояў, паспелі заваяваць увагу рэдактараў яшчэ на стадыі рукапісу. Пра гэта ў сваёй прадмове сведчыць пісьменнік Алесь Бадак.
Ксенія Зарэцкая падзялілася гісторыяй стварэння сваёй кнігі і з цеплынёй адказала на шматлікія пытанні чытачоў.
Падтрымаць юную пісьменніцу завіталі яе старэйшыя калегі і сябры па цэху: Вольга Рацэвіч, галоўны рэдактар часопіса “Маладосць”, якая падкрэсліла важнасць новай хвалі ў айчыннай прозе; Аксана Казлова, рэдактар аддзела прозы, якая распавяла аб тым, як адбіраюцца творы для часопіса, прачытала вершы маладых аўтараў, якія дэбютавалі на старонках «Маладосці».
Юлія Кюнюхава, супрацоўніца выдавецтва “Мастацкая літаратура”, паведаміла прыемную навіну: у дзявятым нумары выдання ўпершыню выйдуць яе вершы, і з хваляваннем прадставіла іх слухачам.
Павіншаваць аўтарку завітала таксама сталы аўтар “Маладосці”, паэтка, пісьменніца, член СП Беларусі Таццяна Цвірко, якая падарыла віноўніцы імпрэзы сваю празаічную кнігу “Не спазніся…” і атрымала экзэмпляр прэзентуемай кнігі з аўтографам Ксеніі.
Ганаровымі гасцямі вечара сталі таксама таленавітыя аўтары – удзельнікі літаратурнага аб’яднання «СЛОВА» Іван Булва, які не толькі піша вершы на роднай мове, але і займаецца складаным майстэрствам мастацкага перакладу; Таццяна Плашчынская, якая цудоўна прадэкламавала верш Віктара Шніпа; Таццяна Шурынава, якая прадставіла на суд слухачоў свае вершы. Іх творчасць – жывое пацверджанне таго, што беларуская мова квітнее і развіваецца. Асаблівы эмацыянальны акцэнт вечару надалі музычныя выступленні Аксаны Міронавай і Аляксандра Якоўчыка. Праз іх спевы зала напаўнялася энергетыкай народных мелодый, ствараючы непадробную еднасць паміж вершам, прозай і песняй.
Напрыканцы імпрэзы гаспадыня бібліятэкі Таццяна Рыгораўна Каленік, якая ініцыявала гэтую сустрэчу, стварыўшы пляцоўку для дыялогу паміж пакаленнямі, падзякавала гасцям і ўручыла прадстаўнікам “Маладосці” кветкі і невялікія памятныя падарункі.
Пасля афіцыйнай часткі госці доўга абменьваліся ўражаннямі. Гэтая сустрэча стала яркім доказам таго, што беларуская літаратурная традыцыя ў надзейных руках.
Т. Жнівеньская


















