Зноў роднае слова гучыць
У Нёманскай сярэдняй школе Уздзенскага раёна ў рамках Тыдня беларускай мовы прайшлі дзве сустрэчы з пісьменніцай Галінай Нічыпаровіч. Разам чыталі вершы, адгадвалі загадкі, рабілі пераклады, а з вучнямі старэйшых класаў Галіна Міхайлаўна паўдзельнічала ў квэсце.
– Прыемна бачыць, што вясковыя хлопчыкі і дзяўчынкі добра ведаюць родную мову, – адзначыла дзіцячая пісьменніца. – Размаўляюць на ёй не толькі падчас урокаў беларускай мовы і літаратуры, нейкіх акцый, а і ў звычайных школьных буднях, і па-за сценамі навучальнай установы. Гэта радуе.


Таксама юныя жыхары аграгарадка Магільна і навакольных вёсак у чарговы раз паслухалі вершы ў выкананні паэткі, пазнаёміліся з яе новымі кніжкамі, за якімі, вядома ж, неўзабаве завітаюць у бібліятэку. Роднае слова па-ранейшаму годна гучыць на радзіме класікаў айчыннай літаратуры і пісьменнікаў-сучаснікаў.


Віктар Сабалеўскі, член Савета МАА СПБ


















