З сакавіцкім настроем

Чарговае пасяджэнне літаб’яднання “Нёманец”, што прайшло 28 сакавіка ў цэнтральнай раённай бібліятэцы імя П. Труса, уздзенскія літаратары прымеркавалі да Сусветнага дня паэзіі. І хоць прысутнічалі на ім і празаікі, і людзі, якія раней вершаў не пісалі ці робяць толькі першыя спробы ў вершаскладанні, сустрэча аказалася цікавай. Узнёслае паэтычнае слова можа стварыць добры настрой, натхніць на подзвіг ці рамантычнае каханне, падштурхне задумацца над сэнсам жыцця, дапаможа пераадолець цяжкасці…

Тон размове задаў пісьменнік Віктар Сабалеўскі. На гэты раз ён прадставіў увазе калег пераклады рубаі на беларускую мову персідскага літаратара, вучонага-энцыклапедыста Амара Хайяма (1048 – 1131 гг.). Ветэран літаратурнай справы Валянціна Шытыка расказала аб працы над стварэннем твораў, прысвечаных юбілею Перамогі, беларускай сімволіцы, культуры і мастацтву. Ніна Лятун прызналася ў захапленні творчасцю Сяргея Ясеніна, прэзентавала новую кніжку лірычных замалёвак “Дорога к свету”. А Тамара Каляда пазнаёміла сяброў з выдадзенай у Нацыянальнай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь кнігай-перакруткай (чытаецца з абодвух бакоў), дзе змешчаны апошнія творы на беларускай і рускай мовах. Вольга Бокуць-Чабатарова і новыя вершы чытала, і песняй парадавала прысутных. Пазнаёмілі ўдзельнікаў літаб’яднання са сваімі літаратурнымі спробамі навічкі творчай суполкі Іна Дворак і Уладзімір Бурэнка.

Прэс-служба МАА СПБ