“З ПАКЛОНАМ ДА ЗЯМЛІ КАПЫЛЬСКАЙ”
“З ПАКЛОНАМ ДА ЗЯМЛІ КАПЫЛЬСКАЙ”
“З ПАКЛОНАМ ДА ЗЯМЛІ КАПЫЛЬСКАЙ”
5 верасня 2021 года, дэлегацыя ад Мінскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” удзельнічала ў свяце Дня беларускага пісьменства, якое адбылося ў горадзе Капылі Мінскай вобласці. Святочны дзень для чальцоў пісьменніцкай суполкі, якія прыехалі раніцай у горад, атрымаўся насычаным мерапрыемствамі і прыемнымі падзеямі.
Першае выступленне пісьменнікаў аддзялення адбылося на творчай пляцоўцы “Літаратурнае кафэ”. Літаратурна-музычная імпрэза насіла назву “З паклонам да зямлі Капыльскай”. Старшыня творчай суполкі Міншчыны Святлана Быкава павітала прысутных і павіншавала іх са святам. Далей сцэнарыст і вядучая праграмы Таццяна Каленік запрашала да мікрафона выступоўцаў: Аляксандра Быкава, Віктара Сабалеўскага, Таццяну Цехнебедзіну, Уладзіміра Цануніна.
Пошук юных талентаў і падтрымка творчай моладзі – важная частка працы аддзялення. З горада Барысава на свята пісьменства была запрошана Марына Лайкова – паэтэса, аўтар-выканаўца песень і кіраўнік студыі “Актава”, якая працуе пры ДУК “Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі Барысаўскага раёна”. Прысутныя з асалодай слухалі песні ў яе выкананні пад акампанемент гітары. Бурна апладыравалі выканаўцам гурта сярэднявечнай музыкі “Вір”, у складзе якога – Марына Лайкова і двое яе дзяцей: Васіль і Вераніка.
Малады таленавіты паэт з горада Барысава Максім Хацкевіч – таксама удзельнік студыі “Актава”, – чытаў вершы пра паэзію і каханне.
Агульнае фота
Агульнае фота
Аўтар-выканаўца песень Таццяна Дашкевіч расчуліла слухачоў сваім пранікнёным выкананнем. Завяршылі імпрэзу гурт “Вір” і Таццяна Каленік. Вядучая дэкламавала з калектыўных зборнікаў аддзялення вершы тых паэтаў, якія не змаглі прыехаць на свята пісьменства.
Далей пісьменнікаў Міншчыны, як і ўсіх удзельнікаў рэспубліканскага пісьменніцкага фэсту, чакаў цудоўны святочны канцэрт на Галоўнай сцэне горада, прысвечаны адкрыццю Свята, падчас якога адбылося ўзнагароджанне пераможцаў Нацыянальнай літаратурнай прэміі. На гэты раз пісьменнікі Міншчыны з радасцю віншавалі свайго калегу па пяры, чальца Мінскага абласнога аддзялення Алеся Карлюкевіча, які атрымаў самую высокую дзяржаўную літаратурную прэмію ў намінацыі “Крытыка і літаратуразнаўства”.
Значнай падзеяй для пісьменнікаў Міншчыны, стала і ўзнагароджанне лаўрэатаў літаратурнай прэміі Мінскага аблвыканкама. Намеснік старшыні абласной установы дзяржаўнай улады Іван Станіслававіч Маркевіч на сцэне Мінскай вобласці правёў працэдуру ўзнагароджання. З яго рук дыпломы пераможцаў атрымалі: Святлана Быкава і Аляксандр Быкаў (намінацыя “Паэзія”), Генадзь Аўласенка і Галіна Нічыпаровіч (намінацыя “Дзіцячая і юнацкая літаратура”), Рыгор Саланец (намінацыя“Проза”). Пераможцам у гэтай намінацыі стаў і Мікалай Смірноў, які па ўважлівай прычыне не змог прыехаць на свята.
Старшыня аддзялення і лаўрэат конкурсу Святлана Быкава шчыра падзякавала кіраўніцтва Мінскага аблвыканкама за разуменне значнасці літаратурнага слова ў справе яднання людзей, за падтрымку пісьменнікаў Міншчыны і правядзенне літаратурнага конкурсу.
Святочны дзень для пісьменнікаў Мінскага абласнога аддзялення закончыўся на рэспубліканскай творчай пляцоўцы “Слова пісьменніка” – традыцыйнае месца выступлення для чальцоў усіх абласных аддзяленняў Саюза пісьменнікаў Беларусі. На гэты раз усе прысутныя сталі ўдзельнікамі “Сябрыны” – творчай літаратурна-музычнай гасцёўні Мінскага абласнога аддзялення. “Гаючае слова Капыльскай крынічкі” – пад такой назвай на гэты раз прайшла “Сябрына”.
Распачала імпрэзу старшыня аддзялення Святлана Быкава (г.Заслаўе). Святлана Анатольеўна павіталася з прысутнымі і прачытала некалькі сваіх вершаў са зборніка “Пад небам Рагнеды”. Зборнік у гэтым годзе атрымаў вышэйшую ўзнагароду Мінскага аблвыканкама.
Вядучай “Сябрыны” зноў стала яе стваральніца – галоўны спецыяліст аддзялення Таццяна Каленік. У сваім сцэнарыі вядучая ўзгадала імёны славутых літаратараў Капыльшчыны, чытала іх вершы і нават правяла своеасаблівую віктарыну па літаратурнай Капыльшчыне.
Да мікрафона “Сябрыны” выходзілі: Галіна Нупрэйчык (Плакса) з Клецку, Аляксандр Быкаў з Мядзела, Генадзь Аўласенка з Мінску, Галіна Нічыпаровіч з Узды, Людміла Круглік – горад Дзярдынск, Рыгор Саланец – Чэрвень, Таццяна Цехнебедзіна з Узды, Уладзімір Цанунін з Вілейкі. Завяршыла святочнае паседжанне “Сябрыны” Таццяна Дашкевіч (г.Мінск). Таццяна Дашкевіч выканала некалькі сваіх песень і песень на словы вядомага барда Мікалая Шыпілава.
Усе удзельнікі творчых імпрэз атрымалі на памяць падзячныя лісты ад кіраўніцтва аддзялення. Кіраўнікі абласных аддзяленняў Саюза пісьменнікаў Беларусі за актыўны ўдзел у Дні пісьменства на Мінскай зямлі таксама былі ўганараваныя памятнымі Дыпломамі пісьменніцкай суполкі Міншчыны.
Апошнімі словамі выступоўцаў былі словы ўдзячнасці гораду Капылю, які сёлета прыняў на сябе ролю беларускай пісьменніцкай сталіцы. На наступны год свята беларускай пісьменнасці плануецца правесці на Гомельшчыне – эстафету прыняў горад Добруш.
Прэс-служба МАА ГА СПБ