Яна размаўляла на мове сэрца
У Валожынскім раённым цэнтры культуры прайшла паэтычная сустрэча-ўспамін «Мовай сэрца», прысвечаная памяці адметнай валожынскай пісьменніцы, майстра беларускага слова — Валянціны Францаўны Гіруць-Русакевіч.
Гэта не было афіцыйнае мерапрыемства. Гэта была споведзь. Гэта была размова родных душ, дзе кожнае слова рэхам адгукалася ў сэрцах прысутных.
Арганізатарамі і ўдзельнікамі сустрэчы сталі ўдзельнікі народнага калектыву літаратурна-мастацкага майстэрства “Рунь”, якім Валянціна Францаўна кіравала доўгія гады. Сябры па пяру выходзілі на сцэну з асаблівым хваляваннем. У іх выказваннях гучалі не толькі вершы самой паэткі, але і ўласныя творы-прысвячэнні, напісаныя з болем страты і адначасова з вялікай удзячнасцю.

Марыя Шакун згадала, як Валянціна Францаўна ўмела адным словам падбадзёрыць пачаткоўца, як тонка адчувала людзей і як тактоўна давала парады. Лідзія Гардынец распавяла пра яе нязгасную энергію і ўменне бачыць прыгажосць у звычайным лістку ці кроплі дажджу. Словы Тамары Бярэзінай, унучкі славутага паэта-земляка Пятра Біталя, былі адрасаваны Валянціне Францаўне, як захавальніцы памяці іншых творцаў. Яна не толькі пісала сваё, яна жыла лёсамі сваіх папярэднікаў.
Адным з кранальных момантаў стала выступленне дзяцей. Калі юныя жыхары Валожына пачалі чытаць вершы Валянціны Францаўны, зала замерла. Гэта не было проста дэкламаванне — гэта было поўнае растварэнне ў паэзіі. Пасыл «Нашы пачуцці словамі паэткі» адчуваўся ў кожным позірку, у кожным дрыготкім дзіцячым голасе.

Асаблівую атмасферу душэўнасці прынесла выступленне нявесткі паэткі — Вікторыі. Яе выступленне стала сімвалам таго, што памяць пра Валянціну Францаўну жыве не толькі ў кнігах, але і ў самым святым — у сям’і. Вікторыя падзялілася вельмі асабістымі, цёплымі момантамі, малюючы вобраз паэткі як пяшчотнай маці і мудрай жанчыны, якая ўмела стварыць вакол сябе свет любові. Яе выступленне стала жывым пацверджаннем таго, што сапраўдная паэзія пачынаецца з дома.
Як пісала сама Валянціна Францаўна:
Усё зразумела,
так мне здаецца,
Калі размаўляем
на мове сэрца —
Яно баліць, кахае,
плача і смяецца…
Звяртаюся да вас
на мове сэрца.
Гэты зварот быў пачуты. Мова сэрца Валянціны Францаўны — мова любові да Радзімы, вернасці караням і нязгаснай дабрыні — цяпер стала нашым агульным запаветам. Валожынская зямля заўсёды будзе памятаць сваю Паэтку, а яе жывое слова будзе вечна красаваць маладой рунню ў душах новых пакаленняў.
Наталля ЖЫЛЕВІЧ


















