Я на гэтай зямлі нарадзіўся …

Творчая вечарына і прэзентацыя новых кніг Віктара Сабалеўскага прайшла пад такой назвай у Уздзенскай раённай бібліятэцы імя П. Труса. Імя гэтага чалавека добра вядома на Уздзеншчыне, на Міншчыне. Журналіст, паэт, публіцыст, кіраўнік літаратурнага аб’яднання “Неманец”, краязнаўца – вось асноўныя яго тытулы.

 

 

 

 

Як заўважылі выступоўцы: каб дэталёва ведаць чалавека, трэба чытаць яго творы, без гэтага цяжка зразумець пачуцці, якімі прасякнута яго душа. Вершы, байкі, нарысы, замалёўкі, публіцыстычныя нататкі Віктара Сабалеўскага з задавальненнем слухаюць школьнікі, студэнты, ваеннаслужачыя, людзі сталага ўзросту, з якімі творца сустракаецца, знаёмяцца з яго творамі ў кнігах і перыядычным друку. Лірыка аўтара лёгка кладзецца на музыку, што і пацвердзілі на вечарыне Ала Шыбко і Віталій Мкртчан.

Асноўныя тэмы творчасці Віктара Сабалеўскага – лірычныя вершы, краязнаўчыя артыкулы, сатыра і гумар. “Я не імкнуся да філасофскага асэнсавання падзей, стараюся каб мае творы былі зразумелыя кожнаму і выклікалі добрыя пачуцці”, — сціпла прызнаўся аўтар. У гэтым пераканаліся і ўдзельнікі мерапрыемства (члены Мінскага аддзялення Саюза пісьменнікаў, мясцовага літаб’яднання, чытачы бібліятэкі, жыхары горада), пазнаёміўшыся з новымі кнігамі пісьменніка “Словам, фарбай, натхненнем”, “Казёл у трэндзе”. Шчырых слоў прызнання, удзячнасці за задавальненне ад пачутага і ўбачанага было шмат, як і сяброў-аднадумцаў, які дружна падтрымалі таленавітага чалавека, парадаваліся яго творчым знаходкам.

Святлана Міхайлоўская