Справаздача аб праведзенай рабоце Мінскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” за 2025 год (выступленне на справаздачным сходзе)

Па стане на студзень 2026 года ў Мінскім абласным аддзяленні Саюза пісьменнікаў Беларусі лічацца 82 літаратары.
У мінулым годзе, у маі пайшоў з жыцця адзін са старэйшых нашых калег, публіцыст, кандыдат гістарычных навук Барыс Далгатовіч. Шмат гадоў ён з’яўляўся нязменным аўтарам ваенна-патрыятычнага праекта выдавецтва “Беларусь” “Гісторыя для школьнікаў”, актыўна працаваў як навуковец-даследчык. Барыс Дзмітрыевіч, па сутнасці, стаў для моладзі нашага аддзялення і Саюза ўвогуле прыкладам самаадданасці навуковай і літаратурнай справе. Нават у апошнія месяцы свайго жыцця – на 92-м годзе – ён здаў рукапісы новых кніг “Их именами названы улицы белорусских городов” і “Побратимы Александра Матросова и Николая Гастелло в боях за Беларусь” у выдавецтва. Яны ўбачылі свет напрыканцы мінулага года. Чалавека няма, а справа яго жыве.
Былі і іншыя страты. У кастрычніку 2025 года па хадайніцтву Савета аддзялення выключаны з Саюза пісьменнікаў Грозаў Уладзімір Усеваладавіч за страту сувязі з пісьменніцкай арганізацыяй. На паседжанні Савета было разгледжана пытанне паводзін маладой нядаўна прынятай (у 2024 годзе) пры нашай дапамозе і падтрымцы пісьменніцы Корневай Паліны Дзянісаўны. Дзяўчына вельмі абразліва выказвалася пра аддзяленне, перастала выходзіць на сувязь. Адначасова яна наладзіла адносіны з гарадскім аддзяленнем. Я праінфармаваў аб сітуацыі кіраўніцтва СПБ і прапанаваў старшыні Мінскага гарадскога аддзялення М.П. Пазнякову перавесці яе да сябе. У педагагічных мэтах з улікам узросту так было і зроблена. У іншым выпадку праз нейкі час мы гатовы былі ўзняць пытанне аб яе выключэнні з Саюза.
Адначасова ў Саюз пісьменнікаў Беларусі прыняты і папоўнілі абласную суполку 2 чалавекі: Жылевіч Наталля Фадзееўна, паэтэса з Валожына, кіраўнік народнага калектыву літаратурна-мастацкага майстэрства “Рунь”; Дваранская Паліна Андрэеўна, паэтэса – студэнтка 2-га курса філфака БДУ. Сёння на разглядзенні прыёмнай камісіі СПБ знаходзяцца дакументы яшчэ чатырох чалавек, якія рэкамендаваны Саветам аддзялення на прыём у нашу арганізацыю.
У справаздачным перыядзе пісьменнікі Міншчыны плённа працавалі ў розных літаратурных жанрах: прозе, паэзіі, публіцыстыцы, песенным жанры, актыўна друкаваліся ў перыёдыцы, выдавалі кнігі ў дзяржаўных і прыватных выдавецтвах. За мінулы год выдадзена 68 кніг агульным накладам больш за 268 тысяч асобнікаў. Трэба адзначыць, што значную частку тыража склалі кнігі пісьменніка з Вілейкі Віктара Кажуры – больш за 181 тысячу экзэмпляраў. Сваімі сіламі падрыхтаваны даведнік кніг, выдадзеных пісьменнікамі Мінскага абласнога аддзялення СПБ у 2025 годзе. Выходзілі і калектыўныя зборнікі.
У гэтым кантэксце трэба адзначыць, што ў рамках святкавання 80-годдзя Вялікай Перамогі працягвалася творчае супрацоўніцтва з Дзяржаўным пагранічным камітэтам па выпуску літаратурнага альманаха “Граніца літаратурная”. У маі мінулага года пабачыў свет чарговы – чацвёрты святочны нумар гэтага выдання, які складзены выключна з твораў пісьменнікаў Міншчыны (19 чалавек): Марыны Шапавалавай, Барыса Далгатовіча, Наталіі Жызнеўскай, Аляксея Шаўцова, Генаддзя Аўласенкі, Антона Анісовіча, Рыгора Саланца, Паўла Баянкова, Дзмітрыя Вінаградава, Людмілы Круглік, Паўла Жукава, Віктара Сабалеўскага, Славаміра Даргеля, Таццяны Цвірко, Ірыны Карнаухавай, Уладзіміра Цануніна, Рагнеда Малахоўскага, Марыі Шаку і Леаніда Крываноса. У альманах уключаны і нарыс-даследванне “Вывучыў і палюбіў граніцу” вядомага літаратуразнаўцы, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі Алеся Марціновіча. Усе змешчаныя там творы – вершы, проза, публіцыстыка – напісаны пад дэвізам “Межы радзімы – месца бязмежнага гераізму”.
Да 80-годдзя Вялікай Перамогі рэалізаваны сумесны з Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры праект па ўшанаванні творчай памяці аб нашых старэйшых калегах з аддзялення – ветэранах Вялікай Айчыннай і так званых “дзецях вайны”. У зборніку “У іх жыцці была вайна” змешчаны асобныя творы і вытрымкі з твораў дваццаці чалавек, значная частка якіх прысутным і не знаёма. Таму я пералічу іх усіх: празаік Галіна Васілеўская з Мінску, якая падлеткам перажыла жахі акупацыі; уздзенскі празаік Дзмітрый Вінаградаў; дзіцячы пісьменнік з Маладзечанскага раёна Іван Галубовіч; празаік, былы партызан з Уздзенскага раёна Васіль Гурскі; былы малалетні вязня, прымусова вывезены падчас акупацыі ў Германію, мар’інагорскі краязнаўца Мікалай Гурын; мінчанін, публіцыст Дзмітрый Далгатовіч; публіцыст, літаратуразнаўца з Пухавіцкага раёна Браніслаў Зубкоўскі; валожынскі паэт Яўген Зялкоўскі; ветэран Вялікай Айчыннай вайны, генерал-лейтэнант у адстаўцы, празаік Юрый Іваноў з Мінску; паэт Мікалай Кулецкі; барысаўчанка, паэтэса Ала Лапошыч; палкоўнік у адстаўцы, паэт Уладзімір Ласенка з Мінску; барысаўскі паэт Васілій Медунецкі; ветэран Вялікай Айчыннай вайны, ганаровы грамадзянін Любанскага раёна, дзіцячы пісьменнік Іван Муравейка; заслужаны дзеяч культуры, лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі, празаік, публіцыст Зіновій Прыгодзіч з Мінску, ганаровы член Саюза пісьменнікаў Беларусі, нясвіжскі паэт Міхаіл Сазончык; палкоўнік у адстаўцы, празаік, публіцыст Анатоль Смалянка з Мінску; валожынская паэтэса Марыя Шакун; празаік Валянціна Шытыка з Узды; паэтэса з Мінскага раёна Эльвіра Ярчак. З усіх пералічаных сёння сярод нас засталіся толькі шэсцера.
У справаздачным перыядзе пісьменнікі Міншчыны актыўна друкаваліся ў рэспубліканскіх літаратурных выданнях.
У часопісе “Полымя” змешчана 14 матэрыялаў, сярод якіх вершы Лідзіі Гардынец, Рагнеда Малахоўскага, проза Хведара Гурыновіча, Аркадзя Жураўлёва, Генаддзя Аўласенкі, Зіновія Прыгодзіча, публіцыстыка Алеся Карлюкевіча.
У “Нёмане” было 11 публікацый, друкавалася проза Таццяны Каленік, Таццяны Дашкевіч, Алены Стэльмах, вершы Хведара Гурыновіча, Святланы Быкавай, публіцыстыка Зіновія Прыгодзіча і пераклады вершаў Віктара Шніпа, зробленыя Генаддзем Аўласенка.
У часопісе “Маладосць” публікаваліся апавяданні Алеся Бычкоўскага і Таццяны Цвірко, публіцыстыка Зіновія Прыгодзіча і Алеся Карлюкевіча, вершы Хведара Гурыновіча.
Адзначыліся нашы пісьменнікі і ў часопісе “Бярозка”. Але найбольшая колькасць публікацый твораў пісьменнікаў Міншчыны – больш за семдзесят – на працягу мінулага года была ў штотыднёвіку “Літаратура і мастацтва”. У “ЛіМе” друкаваліся вершы і проза, публіцыстыка і пераклады Уладзіміра Цануніна, Генадзя Аўласенкі, Хведара Гурыновіча, Алены Стэльмах, Рагнеда Малахоўскага, Зіновія Прыгодзіча, Алеся Бычкоўскага, Віктара Сабалеўскага, Леаніда Крываноса, Святланы Быкавай, Людмілы Круглік, Галіны Нупрэйчык, Вольгі Савасцюк, Таццяны Цвірко, Лёлі Багдановіч, Ганны Міклашэвіч, Максіма Хацкевіча, Алеся Карюкевіча, Марыны Лайковай.
Абагульняючы нашу актыўнасць у літаратурнай перыёдыцы трэба адзначыць, што ў мінулым годзе пісьменнікі аддзялення неаднаразова выступалі ў якасці рэцэнзентаў кніг сваіх калег. У трэццім нумары “Нёмана” змешчана рэцэнзія Зіновія Прыгодзіча “Решения во благо” на кнігу Алеся Карлюкевіча (напісана ў суаўтарстве) “Рашэнні прымае ЦК…”. У штотыднёвіку “Літаратура і мастацтва” змяшчаліся рэцэнзіі Таццяны Цвірко “Унёсак у светлую памяць” (на кнігу сталічнай пісьменніцы Валянціны Драбышэўскай “Любіна сукенка”), Максіма Хацкевіча “Пазнаць у героях сябе” на кнігу Марыны Лайковай “Фотаапарат”. Супрацоўніца аддзялення Нэлі Мельнічэнка напісала рэцэнзіі на кнігу Дзмітрыя Вінаградава “Кумир бронзовой птицы” і на калектыўны зборнік аддзялення “У іх жыцці была вайна”, якія таксама былі надрукаваны ў “ЛіМе”. Яшчэ чатыры рэцэнзіі Нэлі Ігараўны на кнігі: Таццяны Цвірко “Не спазніся…”, Алены Харашэвіч “Минск помнит: вечная память и слава героям”, Леаніда Крываноса “Ку-ку, мой мальчик” і Максіма Хацкевіча “Музыка хваляў і ветру” размешчаны на афіцыйным сайце аддзялення.
На маю асабістую думку, усе гэтыя матэрыялы паказваюць, што час ад часу мы чытаем адзін аднаго. Гэта добра. А яшчэ рэцэнзія – гэта такі элемент падтрымкі калег і іх творчых здабыткаў. Што турбуе ў гэтым сэнсе: названыя рэцэнзіі – толькі маленькі крок да сапраўднай літкрытыкі, якой, нажаль, пакуль што не хапае ў нашым літаратурным асяродзі. А часам здаецца, што яна ўвогуле адсутнічае: усебаковая, максімальна аб’ектыўная, адначасова не разбуральная і без наўмыснага крытыканства. Бо бывае так, глядзіш – у таго ці іншага аўтара праслізгвае безатказнасць за якасць мастацкага слова. Паўтару тэзіс, які агучваў і на мінулым справаздачным сходзе. У асобных творах нашых аўтараў, якія траплялі да нас у выглядзе рукапісу і, нават, ужо кніг, сустракаліся яўныя элементы кампазіцыйнай недасканаласці, стылістычныя і граматычныя хібы, агульная недапрацаванасць. Адношу пасыл і да сябе.
Скажу болей. У свеце юбілейных дат, звязаных з Вялікай Айчыннай вайной, давялося шмат чытаць розных патрыятычных тэкстаў – і вершаў, і прозы, і публіцыстыкі. І не толькі калег, але і ўсё, што да нас дасылалі. Вось прыклад махровага графаманства, вытрымка з апавядання “Кончалось беззаботное лето…” аднаго з аматараў. Тэма пачатку вайны: “День двадцать первого июня проходил в обыденности житейских, бытовых и всевозможных хозяйственных дел. Водителя гоняли свои ГАЗы туда-сюда, пилоты на аэродромах колупались в крылатых машинах, пастухи тихонько дремали в тенях деревьев под мирное мычание коров. Сельчане спешили до вечера сделать как можно больше, а горожане трудились на заводах и фабриках, в различных управлениях ожидая конца рабочего дня. Солдаты в гарнизонах ждали вечернего сеанса кино. Офицеры РККА со своими немецкими коллегами обедали в общественных столовых, разговаривая о планах на будущее, о дружбе народов и разных мелочах, как старые приятели. Красноармейцы беззаботно проводили последние мирные сутки, не подозревая о Бруте, что был готов к своему преступлению”.
Ведаеце, што здзівіла – лёгкасць падыходу да адбору літаратурных твораў, бо гэты, разам з іншымі, быў дасланы да нас людзьмі адукаванымі, якія займаюць адказныя пасады. Проста яны не чыталі, ці чыталі яго па дыяганалі, як кажуць – з адчэпнага. Таму яшчэ раз звяртаю ўвагу, калегі, будзьма ўважлівымі да сваёй творчасці і да літаратуры, з якой мы сутыкаемся.
У 2025 годзе пісьменнікі Міншчыны былі дастойна прадстаўлены ў рэгіянальных і рэспубліканскіх грамадска-палітычных мас-медыя.
У газетах і часопісах было змешчана 235 публікацый членаў абласнога аддзялення. У розных СМІ размешчана 11 інтэрв’ю з пісьменнікамі Міншчыны. На радыё і тэлебачанні адбылося 49 выступленняў. Толькі ў аўтарскай праграме Навума Гальпяровіча “Суразмоўцы” на тэлеканале Беларусь 3 у мінулым годзе прынялі ўдзел 6 пісьменнікаў аддзялення: Марыя Шакун, Лідзія Гардынец, Аркадзь Жураўлёў, Наталля Жылевіч, Антон Анісовіч, Паліна Дваранская.
У справаздачным перыядзе члены аддзялення актыўна займаліся літаратурна-асветніцкай дзейнасцю. Імі праведзена 590 сустрэч з чытачамі ў бібліятэках, са школьнікамі і вучнямі розных навучальных устаноў і іншымі катэгорыямі грамадзян. Па розных ацэнках, агульная колькасць прысутных на гэтых сустрэчах склала больш за 32 тысячы чалавек.
Хачу каб вы ведалі, што на працягу мінулага года кіраўніцтва аддзялення 16 разоў выязджала ў творчыя камандыроўкі ў розныя раёны вобласці. Геаграфія паездак самая разнастайная: Барысаў, Слуцк, Мядзел, Маладзечна і Маладзечненскі раён, Мінскі раён, Узда, Капыльскі раён, Дзяржынск, Салігорск, Нясвіж, Беразіно. Гэта амаль палова ўсіх адміністратыўных тэрыторый Міншчыны. У некаторых з пералічаных давялося пабываць па некалькі разоў. Бо паездкі ажыццяўлялісь ў розных мэтах, і не толькі для асабістых сустрэч з чытачамі. Напрыклад, у красавіку 2025 года намеснік старшыні аддзялення Рагнед Малахоўскі разам з Ірынай Карнаухавай прынялі ўдзел у святочных мерапрыемствах, прысвечаных 80-годдзю Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Паўла Пранузы.
У маі ў выяздной абласной Школе дырэктароў раённых бібліятэк на тэму “Сучасная публічная бібліятэка: традыцыі і інавацыі”, якая праводзілася ўпраўленнем культуры аблвыканкама і абласной бібліятэкай імя А.С. Пушкіна на базе Салігорскай раённай цэнтральнай бібліятэкі, прыняў удзел кіраўнік абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Леанід Крыванос. Пад час мерапрыемства ва ўсе раённыя бібліятэкі былі пераданы нашы калектыўныя зборнікі: “У іх жыцці была вайна” і альманах “Граніца літаратурная”.
У чэрвені 2025 года ў Уздзенскай раённай бібліятэцы імя Паўлюка Труса прайшлі літаратурна-краязнаўчыя чытанні «Адданы патрыёт сваёй Радзімы», прысвечаныя 120-годдзю з дня нараджэння нашага земляка – вядомага паэта, вучонага, акадэміка НАН Беларусі, грамадскага дзеяча – Пятра Глебкі. Акрамя навукоўцаў, прадстаўнікоў Нацыянальнай бібліятэкі, іншых устаноў, сярод удзельнікаў былі Леанід Крыванос – старшыня Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, пісьменнікі Уздзеншчыны: Віктар Сабалеўскі, Дзмітрый Вінаградаў, Галіна Нічыпаровіч. Увогуле хачу адзначыць, што пералічаныя нашы калегі складаюць аснову мясцовага літаб’яднання “Нёманец”, якое ўзначалівае Віктар Сабалеўскі. Пры падтрымцы раённай бібліятэкі яны іграюць адметную ролю ў культурным і грамадскім жыцці раёна. А яшчэ ў іх вельмі змястоўныя творчыя адносіны з літаб’яднаннем “Выток” з горада Дзяржынска, дзе сярод актыва таксама нашы пісьменнікі Людміла Круглік і Антон Анісовіч. Мы таксама заўважылі, як актыўна пульсуе літаратурна-культурнае жыццё на Валожыншчыне, дзякуючы ініцыятывам мясцовых актывістаў-пісьменнікаў народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь”, якое ўзначальвае Наталля Жылевіч.
У кастрычніку мінулага года ў Барысаўскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя І.Х. Каладзеева прайшла рэгіянальная сустрэча-абмеркаванне праблематыкі сучасных літаратурных зносін на Міншчыне. Удзел у круглым стале, які праходзіў пад назвай “Сучасная літаратура: адкрыцці маладосці і шматграннасць вопыту”, прынялі старшыня абласной пісьменніцкай арганізацыі Леанід Крыванос, яго намеснік – Рагнед Малахоўскі, мясцовыя члены Саюза пісьменнікаў Беларусі – Марына Лайкова, Аляксандр Медзяльцоў, прадстаўнікі аматарскіх літаратурных аб’яднанняў “Натхненне” і “Актава” горада Барысава, супрацоўнікі бібліятэчнай сеткі раёна. Размова ішла аб стане літаратурнага працэсу на Міншчыне і яго асаблівасцях. Мерапрыемства адбылося дзякуючы намаганням дырэктара ўстановы і нашай калегі Алены Капыток.
Згодна з планам работы аддзялення, у сакавіку мінулага года мы прынялі ўдзел у Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашу. Усе выставачныя дні пісьменнікі Міншчыны працавалі на пляцоўцы Мінскай вобласці. На стэндах аддзялення былі прадстаўлены кнігі пераможцаў Нацыянальнай літаратурнай прэміі і абласной літаратурнай прэміі. Акрамя кіраўніцтва, на пляцоўцы вобласці з прэзентацыяй сваіх кніг пабывалі Павел Жукаў, Анна Альхоўская, Аляксандр Бычкоўскі, Віктар Сабалеўскі, Марына Лайкова, Людміла Круглік, Лёля Багдановіч, Рыгор Саланец.
На галоўнай пляцоўцы выстаўкі-кірмашу адбылася прэзентацыя калектыўнага песеннага зборніка аддзялення “Радзімы песенныя сцежкі”, у якой удзельнічалі Таццяна Цвірко, Ірына Карнаухава, Марына Лайкова, Уладзімір Цанунін.
Нашы прадстаўнікі прымалі актыўны ўдзел у мерапрыемствах ХХІV-га Маладзечанскага нацыянальнага фестывалю паэзіі і песні, ХХХІV свяце беларускага пісьменства ў горадзе Ліда Гродненскай вобласці. На пляцоўцы Мінскай вобласці ў Лідзе дэлегацыя абласной пісьменніцкай арганізацыі на працягу двух дзён прэзентавала гасцям свята вельмі цікавую праграму. Уразілі сваімі літаратурна-музычнымі выступленнямі Кастусь Цыбульскі, Уладзімір Цанунін, Галіна Мароз, іншыя члены дэлегацыі.
Ведаю, што па выніках і кніжнага кірмашу, і дня пісьменства ад міністра інфармацыі на аблвыканкам прыйшлі пісьмы са словамі ўдзячнасці ў адрас усіх удзельнікаў гэтых мерапрыемстваў ад Мінскай вобласці, дзе было сказана: “Стэнд Мінскай вобласці значна ўзбагаціў і разнастаіў агульную экспазіцыю выстаўкі, вызваў вялікую зацікаўленасць удзельнікаў і наведвальнікаў”. Таму, вялікае дзякуй усім, каго назваў, і, магчыма, каго не назваў, за тое што адклікнулісь на наша запрашэнне да ўдзелу ў гэтых знакавых для літаратурна-культурнага жыцця краіны і Міншчыны мерапрыемствах.
Адным з найважнейшых пунктаў плана работы аддзялення стала выданне кніжнай серыі “Бібліятэчка Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі”. Серыя заснавана ў 2024 годзе. Мы знайшлі магчымасць надрукаваць запланаваныя зборнікі: вершаў “Ардашынская рэфлексія” Паліны Дваранскай, зборніка лірычных замалёвак “Музыка хваляў і ветру” Максіма Хацкевіча, паэтычнага зборніка “Дзе рачулка Нарачанка…” Рагнеда Малахоўскага. Прычым, кніга Р. Малахоўскага, як узор адносін да сваёй малой радзімы, была падорана ў біліятэкі сорак адной Школы міра, якія функцыяніруюць у сістэме ўстаноў агульнай адукацыі вобласці пад патранажам Беларускага фонду міру. Гэта ж адпавядала запланаванай традыцыйнай акцыі “Кнігі пісьменнікаў – у бібліятэку чытачам”. Усе мы аддаем у бібліятэкі свае творы. Але хачу адзначыць нашага калегу, Мікалая Смірнова, які падарыў бібліятэцы Мінскага сувораўскага ваеннага вучылішча семдзесят экзэмпляраў сваёй кнігі “Василий Мудрый” пра вядомага партызанскага генерала Васіля Каржа.
У чэрвені, напярэдадні Дня медыцынскага работніка кіраўніцтва аддзялення наведала Мінскую абласную клінічную бальніцу ў пасёлку Бараўляны Мінскага раёна. Бібліятэцы бальніцы была падорана вялікая падборка кніг пісьменнікаў Міншчыны.
Актыўна праводзілася ваенна-шэфская работа з Групай матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння органаў пагранічнай службы, якая дыслацыруецца ў горадзе Дзяржынску. Згодна з планам сумеснай работы на працягу года пісьменнікі Антон Анісовіч, Людміла Круглік і Леанід Крыванос неаднаразова выступалі перад асабістым саставам гэтай часці.
У межах акцыі “Лета з добрай кнігай” пісьменніцкай увагай былі ахоплены месцы летняга адпачынку школьнікаў у Уздзенскім, Дзяржынскім, Барысаўскім, Мядзельскім, Валожынскім і Мінскім раёнах.
З дзеткамі аздараўленчых летніх лагераў “Буравеснік”, “Сонейка” (Нёманская сярэдняя школа) дзіцячага лагера з дзённым прабываннем “Мурашнік” (Ліцвянская базавая школа) у Уздзенскім раёне сустрэлась дзіцячая пісьменніца Галіна Нічыпаровіч. А уздзенскі паэт і публіцыст Віктар Сабалеўскі стаў госцем вучняў сярэдняй школы №2 райцэнтра.
У Ждановічскай сельскай бібліятэцы Мінскага раёна адбылася творчая сустрэча з адпачываючымі ў летнім лагеры мясцовымі школьнікамі паэтэсы, дзіцячай пісьменніцы Ірыны Карнаухавай. У іншы раз пісьменніца завітала ў Барысаўскую цэнтральную раённую бібліятэку імя І. Каладзеева, дзе падзялілася сваімі творчымі здабыткамі з адпачываючымі выхаваўчага-аздараўленча лагера “Чайка”.
Паэтэсу з Валожыншчыны Наталлю Жызнеўскую сардэчна віталі дзеці з выхаваўча-аздараўленчага лагера “Сонейка” Дорскай сярэдняй школы і выхаваўча-аздараўленчага лагера “Дружба” Сівіцкай базавай школы Валожынскага раёна.
Аздараўленчы лагер “Зялёны бор”, што пад Заслаўем у Мінскім раёне, запрасіў на сустрэчу з юнымі спартсменамі, якія адпачывалі там у перыяд летніх канікул, дзіцячую пісьменніцу Таццяну Каленік. Адбылася цікавая размова, прысвечаная 80-годдзю Вялікай Перамогі.
Па запрашэнні кіраўніцтва абласной пісьменніцкай арганізацыі гасцямі прэзентацыі новага калектыўнага зборніка, прысвечанага творчасці пісьменнікаў аддзялення – удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны і “дзяцей вайны”, “У іх жыцці была вайна” сталі падлеткі, якія адпачывалі ў выхаваўча-аздараўленчым лагеры “Дружба” пасёлка Энергетыкаў Дзяржынскага раёна. Мерапрыемства адбылося ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры. Удзел у ім прынялі кіраўнік аддзялення Леанід Крыванос і яго намеснік Рагнед Малахоўскі, паэтэсы Наталля Жылевіч і Марыя Шакун з Валожына.
Традыцыйна, у ліпені прадстаўнічая дэлегацыя літаратараў Мінскага абласнога аддзялення СПБ наведала Нацыянальны дзіцячы аздараўленча-адукацыйны цэнтр “Зубраня”. Пісьменнікі, а гэта былі старшыня аддзялення Леанід Крыванос, намеснік старшыні Рагнед Малахоўскі, паэт Уладзімір Цанунін, дзіцячы пісьменнік Сяргей Клімковіч, паэтэсы Ірына Карнаухава і Тамара Бярэзіна, публіцыст Павел Жукаў, ўручылі дырэктару ўстановы Асмалоўскай Таццяне Вітальеўне падборку кніг для бібліятэкі цэнтра. А пасля выступілі перад дзецьмі розных узроставых груп.
Калі гаварыць пра план работы аддзялення на 2025 год, ён выкананы. У межах плана і звыш таго абласное аддзяленне плённа супрацоўнічала з Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры. Хачу адзначыць удзел у навукова-святочных мерапрыемствах да 95-годдзя Уладзіміра Караткевіча кандыдата філалагічных навук, літаратуразнаўцы Кенькі Міхася Паўлавіча, кандыдата філасофскіх навук, нашага вядомага празаіка і публіцыста Прыгодзіча Зіновія Кірылавіча. Іх кампетэнтны ўдзел станоўча паўплываў на імідж арганізацыі. Добрыя адносіны склаліся ў нас з Мінскай абласной біліятэкай імя А.С. Пушкіна. Пра асобныя моманты нашага супрацоўніцтва было сказана вышэй.
2025 год стаў перыядам дастаткова высокага міжнароднага супрацоўніцтва. Прычым, у розных праяўленнях. Дзякуючы абласной бібліятэцы, мы мелі магчымасць удзельнічаць у анлайн-канферэнцыях, тэлемастах і пазнаёміцца з расійскімі калегамі: праз Іркуцкую абласную дзяржаўную універсальную навуковую бібліятэку імя І.І. Малчанава-Сібірскага, Курганскую абласную універсальную бібліятэку імя А.К. Югава. З творчай інтэлігенцыяй Казахстана праз тэлемост з Паўночна-Казахстанскай абласной бібліятэкай імя Сабіта Муканава.
Наша калега Ірына Карнаухава прыняла ўдзел у міжнародным фестывалі кніжнай культуры “Кнігамай” ў Іркуцку, у міжнародным фестывалі-конкурсе “Время стиха”, які прайшоў у Мурманску. Марына Шапавалава наладжвала стасункі з пісьменнікамі-тверачанамі ў горадзе Твер.
Таццяна Каленік наведала Грузію і сустрэлася ў Тбіліскай цэнтральнай шматфункцыянальнай бібліятэцы з супрацоўнікамі ўстановы і чытачамі.
Сталі пераможцамі VІІІ міжнароднага літаратурна-музычнага фестываля нацыянальных культур Беларусі і Расіі: у намінацыі “Дэкламацыя” першае месца заняла паэтэса і дзіцячая пісьменніца Лёля Багдановіч, у намінацыі “Аўтарская песня” першае месца атрымаў паэт-песеннік Кастусь Цыбульскі.
І кіраўніцтва аддзялення і асобныя пісьменнікі актыўна працавалі ў складзе розных літаратурных конкурсных журы, самі станавіліся пераможцамі літаратурных і літаратурна-музычных конкурсаў.
А яшчэ мінулы год стаў перыядам высокіх творчых дасягненняў літаратараў Міншчыны. Аб гэтым сведчыць змест рэцэнзій на кнігі пісьменнікаў – а іх было дваццаць чатыры – умоўна, на кожнае трэццяе выданне. Узначаліла секцыю песеннага жанра СПБ паэтэса, якая мае прафесійную музычную адукацыю і з’яўляецца аўтарам шматлікіх песенных твораў і ў якасці кампазітара, і ў якасці паэта-песенніка, Ірына Карнаухава.
Граматай Саюза пісьменнікаў за літаратурную працу ў мінулым годзе адзначаны наш чэрвеньскі калега Генадзь Аўласенка.
Хачу звярнуць вашу ўвагу на тое, што ў 2025 годзе творчасць дзіцячага пісьменніка і педагога Віктара Кажуры заслужыла сур’ёзнага міжнароднага прызнання. У жніўні яго “Азбукоўнік” быў прадстаўлены на 31-й Пекінскай міжнароднай кніжнай выставе, якая адбылася ў Кітайскім нацыянальным канферэнц-цэнтры горада Пекіна. Выданне, якое з’яўляецца навукова-пазнавальнай кніжкай-чытанкай для школьнікаў, выклікала зацікаўленасць у наведвальнікаў выставы. Віктар Віктаравіч быў узнагароджаны ганаровым дыпломам. А ў верасні гэта і іншыя яго кнігі сталі ўдзельнікамі 38-й Маскоўскай міжнароднай кніжнай выстаўкі і ўключаны ў анатаваны каталаг выставы за ўклад у развіццё навукі і адукацыі.
Значнай падзеяй 2025 года стала вызначэнне і ўзнагароджванне лаўрэатаў літаратурнай прэміі Мінскага аблвыканкама. Імі сталі: Лёля Багдановіч у намінацыі “Дзіцячая літаратура”, Тамара Бярэзіна і Кастусь Цыбульскі ў намінацыі “Паэзія”, Аляксандр Камароўскі ў намінацыі “Проза” і Барыс Савінаў ў намінацыі “Публіцыстыка”. Яшчэ раз віншуем нашых калег з гэтымі падзеямі.
Час нашага паседжання абмежаваны, і, канешне, мы далёка не пра ўсё і не пра ўсіх расказалі. Таму, калі нехта захоча больш падрабязна пазнаёміцца з жыццём Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, можа гэта зрабіць праз стужку навін нашага афіцыйнага сайта. І яшчэ. Хачу нагадаць: сайт – не дошка аб’яў, на якой змашчаецца ўсё, што вы дасылаеце, а штатныя супрацоўнікі – не карэспандэнты, якія рэдагуюць, ці пішуць матэрыяла на аснове нейкіх дадзеных. Таму звяртаю ўвагу на якасць прадстаўляемых матэрыялаў. І яшчэ, размяшчэнне вамі нейкіх сведак пра асабістую дзейнасць у сацыяльных сетках безумоўна пашырае дыяпазон вашай вядомасці. Але афіцыйным адказным інфармацыйным сродкам аддзяленя з’яўляецца наш сайт. На які можна афіцыйна спасылацца. Мы не займаемся маніторынгам грамадскай і літаратурнай актыўнасці калег, але ўлічваем тое, што пападаецца на вочы. Пішыце, у першую чаргу нам, а не на “вёску дзядулі”.
На гэтым усё.