Пісьменнікі Міншчыны на “Кніжнай восені ў сталіцы”
Пісьменнікі Міншчыны на “Кніжнай восені ў сталіцы”

На прыбранай восеньскімі кветкамі і паэтычнымі паштоўкамі паліцы былі прадстаўлены кніжныя навінкі Мінскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”. Сярод іх – зборнікі вершаў, якія яшчэ пахнуць друкарскімі фарбамі. Іх аўтарамі з’яўляюцца Аляксандр БЫКАЎ (Мядзел), Галіна МАРОЗ (Філадэльфія, ЗША), Галіна НУПРЭЙЧЫК (Клецк), Уладзімір ЦАНУНІН (Вілейка). Побач – займальныя кнігі для дзяцей, а яшчэ і CD дыскі ад пісьменніцы, аўтара-выканаўцы песень Таццяны ДАШКЕВІЧ і зборнікі твораў яе мужа, вядомага барда Мікалая ШЫПІЛАВА, якога, на жаль, ужо няма на гэтым свеце.
Госці выставы мелі ўнікальную магчымасць пазнаёміцца з вершамі узбекскай паэтэсы Хасіят РУСТАМ. Яе творы пераклала на беларускую мову таленавітая паэтэса з Заслаўя, старшыня Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Міншчыны Святлана БЫКАВА, а спецыяліст аддзялення Таццяна КАЛЕНІК праілюстравала вокладку.
Не абышлося і без дзіцячых малюнкаў. Мастацкія творы да кнігі пісьменніцы, ілюстратара Таццяны КАЛЕНІК “Бабуліны шпулькі”, намаляваныя беларускімі школьнікамі, студэнтамі і настаўнікамі, сталі прыемным аздабленнем творчай пляцоўкі выставы.
Вясёлыя ноткі ў творчую імпрэзу ўнёс беларускі гумарыст, акцёр і галоўны рэжысёр Мінскага тэатра сатыры і гумару «Хрыстафор» Яуген КРЫЖАНОЎСКІ.
Завяршылася наша выстава добрым настроем, аўтограф-сесіяй і сардэчнымі гутаркамі з калегамі, сябрамі, аматарамі літаратуры і гасцямі кніжнага кірмашу.
Да новых сустрэч!