Пайшоў з жыцця вядомы гісторык Барыс Далгатовіч
На 91 годзе пасля працяглай хваробы пайшоў з жыцця адметны даследчык гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, кандыдат гістарычных навук, публіцыст Далгатовіч Барыс Дзмітрыевіч.
Гады дзяцінства Барыса Далгатовіча прайшлі на Чаркашчыне (Украіна) і выпалі на перыяд Вялікай Айчыннай вайны. Пасля заканчэння сярэдняй школы Барыс Дзмітрыевіч паступіў у Тбіліскае ваеннае пяхотнае вучылішча, пасля яго заканчэння амаль усё жыццё прысвяціў службе ва ўзброеных сілах. Падпалкоўнік у адстаўцы.
У 1966 годзе Б. Далгатовіч завочна скончыў факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, аспірантуру. Ён аўтар 12 манаграфій і больш за 50 навукова-гістарычных і публіцыстычных кніг. Пачынаючы з 2015 года ў серыі “Гісторыя для школьнікаў” рэгулярна выходзілі тэматычныя кніжкі пісьменніка, сярод якіх “Ішлі дзяўчаты па вайне”, “А замест дзяцінства была вайна”. У свой час вялікі чытацкі рэзананс выклікалі кнігі-даследаванні “Ганаровыя грамадзяне беларускіх гарадоў”, “Сузор’е герояў зямлі беларускай”, “Сыны і дочкі Беларусі ў баях за гарады-героі” і іншыя.
Як бы не складаўся лёс, пісьменнік заўсёды заставаўся адданым айчыннай гісторыі і літаратуры. Барыс Дзмітрыевіч мае шэраг урадавых і дзяржаўных узнагарод. У 2024 годзе быў узнагароджаны медалём Францыска Скарыны.
Пісьменнікі Міншчыны смуткуюць і спачуваюць родным і блізкім Барыса Дзмітрыевіча Далгатовіча.
Савет, старшыня Мінскага абласнога аддзялення СПБ