Літаратурны марафон «Па кроплі лета смакаваць». Вольга Савасцюк
Літаратурны марафон «Па кроплі лета смакаваць».
Вольга Савасцюк
.
* * *
Ружавеюць флоксы,
жмурацца вяргіні.
Лецейка ў зеніце
кружыць галаву.
Васілёк сасмяглы
ў высокім жыце
Прагна п’е з далоняў
хмаркі сіняву.
За далёкім лесам
хмарку гром гукае,
Крывіцца маланка:
хоча напужаць.
Гнеў яе дарэмны,
бо на небакраі
Яркая вясёлка
вымасціла гаць.
.
* * *
Сінечу п ‘е вясёлка з ручая,
Смакуе асцярожна, каб не ўпіцца.
Пад закаханы пошчак салаўя
Ракіце малады вятрыска сніцца.
Палошча сонца промні ў вадзе,
Сваім цяплом пазалаціла хвалі.
Ты бачыш, лета па зямлі ідзе?
Ты чуеш – лета? Мы яго чакалі.
Каб захмялець ад кветак у лугах,
Ад прахалоды векавога бору,
Каб зноў не спаць і марыць па начах
Аб тым, што не прыйшло да нас учора.
.
НА ЗЫХОДЗЕ ЛЕТА
Старэе лета. Жнівень на абшарах
Ужо раскінуў суму ручнікі.
Плывуць у небе згорбленыя хмары,
Чарнее сінь няўрымслівай ракі.
На пожні бусел талаку збірае
Наперадзе такі нялёгкі шлях…
Бо ўжо так блізка восень маладая
Нясе нам свой чырвона-жоўты сцяг.
.
* * *
Напіўся ўдоваль чэрвень цеплыні,
Ад перагрэву нават не прыкмеціў,
Што зблытаўся свае лічыўшы дні
І рана ліпы золатам расквеціў.
Усіх прыемны водар чараваў.
Ляталі пчолы, цвет збіралі людзі
У чэрвеня ніхто не запытаў:
А чым жа ліпень радаваць нас будзе?
Мастак Кацярына Білакур. Кветкі за плятнём. (1935)
Прэс-служба МАА СПБ