“Беларусь адзіная і непераможная. Тры вайны”
28 сакавіка ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь адбылося святочнае мерапрыемства – прэзентацыя новай кнігі вядомага краязнаўцы, члена Мінскага абласнога аддзялення СПБ Уладзіміра Ліхадзедава “Беларусь адзіная і непераможная. Тры вайны”. У якасці суаўтара кнігі стала супрацоўніца музея Святлана Харужык.
У кнігу-альбом увайшлі матэрыялы пра вайну 1812 года, арыгінальныя фотаздымкі часоў Першай сусветнай і Вялікай Айчыннай войн з калекцыі Уладзіміра Аляксеевіча.
Прэзентацыя адбылася ў зале, дзе размешчана часовая экспазіцыя, на якой прадстаўлены тэматычныя прадметы з фондаў музея і калекцыі У. Ліхадзедава.
Адметнай падзеяй пад час мерапрыемства стала прыняцце прысягі маладымі супрацоўнікамі Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь па горадзе Мінску. Перад гасцямі выступілі начальнік упраўлення Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь па горадзе Мінску Яўген Архірэеў, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, доктар гістарычных навук Вячаслаў Даніловіч, рэктар Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь Ігар Бузоўскі. Ад імя кіраўніцтва Саюза пісьменнікаў Беларусі аўтараў кнігі і ўдзельнікаў прэзентацыі павіншаваў старшыня сталічнай пісьменніцкай арганізацыі Міхась Пазнякоў. З прывітальным словам ад пісьменнікаў Міншчыны выступіў старшыня Мінскага абласнога аддзялення СПБ Леанід Крыванос.
Напрыканцы мерапрыемства аўтарамі альбома “Беларусь адзіная і непераможная. Тры вайны” прэзентуемыя кнігі з аўтографамі былі ўручаны маладым следчым. А адзін экзэмпляр Уладзімір Ліхадзедаў папрасіў перадаць кіраўніку беларускай дзяржавы.
Прэс-служба МАА СПБ