20 пытанняў Людміле Круглік

У зале беларускай літаратуры Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі адбылася чарговая літаратурная сустрэча ў межах цыкла “20 пытанняў пісьменніку”.

Госцяй вечара стала Людміла Уладзіміраўна Круглік – беларуская паэтэса, аўтар лірычных зборнікаў, чые творы прасякнуты шчырасцю, душэўнасцю і любоўю да роднага слова.

Яна распавяла пра жыццёвы і творчы шлях, гады працы ў школе, пра тое, як нараджаюцца вершы і што натхняе яе на творчасць. Асабліва кранальным сталі адказы пісьменніцы на пытанні радкамі ўласных вершаў, што нібы працягвала размову мовай паэзіі.

Падтрымаць аўтара прыйшлі сябры, калегі, прыхільнікі творчасці, а таксама юныя слухачы – падлеткі, студэнты. Яны актыўна рэагавалі на выступленне, задавалі пытанні, дзяліліся ўражаннямі.

Асаблівым упрыгажэннем вечара стаў музычны блок. На сустрэчы прысутнічала блізкая сяброўка пісьменніцы – кампазітар і выканаўца Тамара Іванаўна Кашчэва. Яна выканала свае песні на вершы Людмілы Круглік, якія надалі імпрэзе асаблівы настрой.

Напрыканцы многія падыходзілі да Людмілы Уладзіміраўны, каб атрымаць аўтограф, зрабіць памятныя здымкі і падзякаваць за незабыўны вечар. Удзельнікі атрымалі буклеты з яе аўтографам, падрыхтаваныя народным калектывам паэтаў і празаікаў “Выток” Дзяржынскага раёна.

Гэтая сустрэча яшчэ раз пацвердзіла, што жывы дыялог паміж пісьменнікам і чытачом застаецца важнай часткай культурнага жыцця і дорыць сапраўдную радасць ад сустрэчы з літаратурай.

 

Крыніца: Нацыянальная бібліятэка Беларусі