Звычайнае шчасце Аксаны Ярашонак

Ужо восьмы год у Ільянскай сярэдняй школе імя А. А. Грымаця працуе Аксана Ярашонак, паэтэса і перакладчыца.

Карані Аксаны з вёскі Ілья (Вілейскі раён). Школу закончыла ў Маладзечне. Яшчэ ў пачатковых класах пачала пісаць вершы, а ў 1999 годзе ўзяла ўдзел у XIV гарадскім злёце юных талентаў, прысвечаным 610-годдзю горада Маладзечна, і заняла першае месца.

Пасля заканчэння школы атрымала прафесію сакратара-машыністкі. Потым паступіла ў Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка на спецыяльнасць «Беларуская мова і літаратура і дзіцячая журналістыка». Савет універсітэта выдаваў газету «Настаўнік», у якой на літаратурнай старонцы «Крокі» друкаваліся вершы Аксаны. Тады ж яе творы трапілі ў «Анталогію маладога верша». У 2005-м пераехала працаваць на радзіму бацькі і мужа ў Ілью.

Аксана — педагог-арганізатар. Праца ў школе патрабуе шмат часу і напружання. Яе вельмі любяць дзеці і паважаюць настаўнікі. Свой журналісцкі талент Аксана рэалізуе праз нарысы пра імклівае жыццё школы, змешчаныя ў перыядычным друку. Восем гадоў таму заснавала школьную газету «Далягляд».

Аднойчы падчас сустрэчы са школьнікамі Аксана расказала, як стала паэтам-песеннікам. Праз прэсу пазнаёмілася з Віталем Качатковым, які з юнацтва захапляўся музыкай. Адгукнулася на прапанову, пачалася сумесная работа над песнямі. Шмат песень на словы Аксаны, музыку Віталя Качаткова загучала на радыё «Мінская хваля», «Культура», «Сталіца». У студэнцкія гады Аксана напісала верш пра Ікара, ён таксама загучаў песняй. А вось словы, якія пераклаў Віктар Рудэнка, загучалі песняй на адным з адборачных тураў «Еўрабачання».

Паэтэса ўжо каля пяці гадоў з’яўляецца пастаянным удзельнікам і актывістам розных літаратурных праектаў, накіраваных на ўмацаванне славянскага адзінства, захаванне агульнай творчай спадчыны народаў Беларусі, Украіны і Расіі. Аксана — удзельніца Міжнароднага руху «Берагі сяброўства». Падчас рэалізацыі праекта яна пераклала вершы дзевятнаццаці аўтараў на беларускую мову. Потым былі пераклады твораў Святланы Макаравай-Грыцэнка з рускай на беларускую, якія знайшлі месца ў кнізе аўтаркі «Вершы спускаюцца з нябёс», творы Наталлі Саветнай, змешчаныя ў «ЛіМе», ды іншыя.

У 2012 г. Саюз пісьменнікаў Дона ўзнагародзіў А. Ярашонак юбілейным медалём «Дзесяць год Саюзу пісьменнікаў Дона». Праз год Рэгіянальная нацыянальная культурная аўтаномія беларусаў Растоўскай вобласці ўшанавала паэтэсу-перакладчыцу Ганаровай граматай.

Летась Аксану запрасілі паўдзельнічаць у Міжнароднай літаратурнай канферэнцыі «Слова. Айчына. Вера», якая праходзіла ў Санкт-Пецярбургу ў гонар 90-годдзя расійскага паэта Ігара Грыгор’ева. На Міжнародным конкурсе лірыка-патрыятычнай паэзіі «Я не ўяўляю сябе без Расіі» Аксана была ў шэрагу фіналістаў. Там ёй уручылі пасведчанне сябра Міжнароднага саюза мастакоў і майстроў мастацтва і грамату фіналіста.

У сакавіку ў сталічным выдавецтве «Харвест» выйшаў першы паэтычны зборнік Аксаны Ярашонак «Звычайнае шчасце».

Роза ШЭРАЯ

http://www.main.lim.by/wp-content/uploads/2015/12/48-2015.pdf