“Зубраня” сустракала пісьменнікаў

18 ліпеня ў межах рэспубліканскай акцыі “Лета з добрай кнігай” прадстаўнічая дэлегацыя Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі наведала Нацыянальны дзіцячы адукацыйна-аздараўляльны цэнтр “Зубраня”.

Адбылося ўрачыстае і па-дзіцячаму шчырае тэатральна-музычнае прывітанне літаратараў. У сваю чаргу літаратары ў асобе старшыні аддзялення Леаніда Крываноса перадалі бібліятэцы цэнтра падборку кніг, выдадзеных апошнім часам пісьменнікамі Міншчыны. Потым гасцей чакалі цёплыя сустрэчы з адпачываючымі ў “Зубраня” школьнікамі. Паэт Рагнед Малахоўскі сустрэўся з падлеткамі адной з груп, дзе чытаў свае вершы, расказваў пра ўласны шлях у літаратуру. З задавальненнем чытачы слухалі і дзіцячую пісьменніцу, паэтэсу Ірыну Карнаухаву. Казачніца Кацярына Хадасевіч-Лісавая і дзіцячы пісьменнік Віктар Кажура прэзентавалі свае новыя кнігі, адказвалі на шматлікія пытанні вучняў малодшых класаў. Паэт і бард Уладзімір Цанунін уразіў сваімі песнямі старэйшакласнікаў. Дзецям такога ж узросту расказваў пра сваю творчасць і Леанід Крыванос. Публіцыст Павел Жукаў пад час мерапрыемства збіраў матэрыял пра дзейнасць цэнтра і сустрэчу для чарговага нарыса.

Трэба адзначыць, што такія пісьменніцкія дэсанты на беразе Нарачы становяцца традыцыйнымі для літаратараў Міншчыны і “зубранятаў”.

Рагнед Малахоўскі, фота аўтара і Паўла Жукава