Знаёмцеся: шорская паэтэса і мастачка ЛЮБОЎ АРБАЧАКАВА. Вершы ў перакладзе Святланы Быкавай.

 

ЛЮБОЎ АРБАЧАКАВА  – мастак, паэт, празаік, кандыдат філалагічных навук, нястомны збіральнік шорскага фальклору.

     Нарадзілася Любоў Мікітаўна 1 мая 1963 г. у пасёлку Анзас Кемераўскай вобласці (Расія, Кіргізстан). Скончыла Новакузнецкі педінстытут, выкладала шорскую мову. Пераехаўшы ў 2000 годзе ў Новасібірск, стала старшым навуковым супрацоўнікам у Інстытуце філалогіі Сібірскага аддзялення РАН. Аўтар паэтычных зборнікаў на шорскай і рускай мовах («Онзас черим» (“Тернии души”) (2001)), «Колыбель любви» (2004), «Песни шориянки» (2011), і інш. Друкавалася ў зборніках «Чедыген», «Кузнецкая крепость», «Огни Кузбасса», «Сибирские огни», «Наш современник» і інш. Аўтар слоўніка шорскай мовы ў малюнках «Каас-пичиги» (сумесна з Ф. Г. Чиспияковой), укладальнік зборнікаў «Алып Кускун. Шорское героическое сказание» (Новасібірск, 2011 г.); «Фольклор шорцев» (Новасібірск, 2010 г.). Удзельніца шматлікіх мастацкіх выстаў. Яе мастацкія творы захоўваюцца ў музеях Хакассіі, Омскай і Кемераўскай абласцей. Лаўрэат кузбаскай прэміі імя Н.І. Бачыніна ў намінацыі «Жывапіс». Узнагароджана медалем Адміністрацыі Кемераўскай вобласці «За асаблівы ўклад у развіццё Кузбаса» 3-й ступені (2003).

Прымае актыўны ўдзел у грамадскім жыцця карэннага насельніцтва. Жыве ў Міжрэчанску.

Творчасць Любові Арбачакавай прасякнута ціхім, добрым і мудрым духам яе радзімы – Горнай Шорыі.  Нават птушкі, кветкі і коні на яе малюнках – такія, якіх можна ўбачыць толькі ў Горнай Шорыі, і больш нідзе на ўсім белым свеце.  І ў вершах яе гучыць музыка ветра, які жыве толькі ў Шорыі, і чуецца пах снягоў і кветак, якія бываюць толькі ў гэтым рахманым, задуменным краі … На сённяшні дзень Любоў Арбачакава – першы і адзіны ў гісторыі шорскага народа* член Саюза мастакоў Расіі.  Першы і адзіны – гэтыя два словы патрабуюць цішыні і разважання…

_________________________________________

* Шорцы – тюркамоўны народ,які жыве ў паўднёва-усходняй частцы Заходняй Сібіры,  а таксама ў некаторых раёнах Рэспублікі Хакасія і Рэспублікі Алтай, Краснаярскага і Алтайскага краёў. Агульная колькасць – каля 14 тысяч чалавек (Вікіпедыя).

 Выбраныя вершы са зборнікаў  “Які хуткаплынны час…”  і “Далёкія горы Шорыі…”

 ***

Калі плача народзе мой –

Мой народ, я заўжды з табой!

Гэта знак самы верны і першы –

Час настаў пісаць мне вершы!

***

Не для славы пішу

увесь час з году ў год:

да такіх, як і я –

да Сусветных бадзяг –

заклік мой і зварот!

***

Я – шарыянка Расіі.

Яшчэ не запомніла ўсе

Рускія песні народныя,

А ўжо забываю родныя…

***

Мастачка вольная цяпер я:

Сама ў сабе… І сэрца дзверы

Я зачыніла і маўчу –

Пустога слова не скажу.

***

Горы Шорыі* ў травах і кветках

Узнялі ў неба спіны свае.

Духі гор гэтых кветкавых зрэдку

Сны фарбуюць начныя мае.

___________________________________

*Горная Шорыя  – так называецца паўднёвая частка Кемераўскай вобласці, дзе сыходзяцца у вузел храбты Паўночна-Усходняга Алтая ,  Кузнецкага Алатау і Салаірскага кража. За незвычайную прыгажосць прыроды гэты край яшчэ называюць Сібірскай Швейцарыяй.

 

***

Зараслі сцежкі ўсе ў мой Анзас* –

Нават конь праз гушчар не праб’ецца.

“Дзякуй” трэба мядзведзю сказаць,

Што да вёскі дарожка віецца.

________________________________________

* Анзас – назва вёскі

 

***

Таг-ээзі* – вяршынь уладарка –

Спадарожніка здзівіць красой

Незвычайнай, прывабліва-яркай.

Хто захопіцца той прыгажосцю,

Стане вечным гор Шорыі госцем…

_____________________________________

*Таг-ээзі – духі прыроды ў хакасскай міфалогіі

 

***

Не памерлі паданні-быліны

Пра алыпаў* кіргізскай зямлі.

Сэрца плача і ў роспачы стыне:

Бо жывуць сёння тыя героі

Толькі ў эпасе ды ў маіх мроях…

________________________________________

*алып –  волат

 

***

Гаворкі роднай я не чую

Сярод суродзічаў сваіх.

І назіраючы, бядую –

Мяняецца аблічча іх…

***

Я наведала родны Анзас:

Мой ачаг даўно згас,

Разбураецца дом…

Толькі звонкі ручай,

Як у той, стары час,

Ладзіць песні для нас.

***

Самы доўгі, духмяны – апошні ўздых…

Таму пах чарадзейны і ў скошаных траў,

І ў парэчак, якія ў далонях маіх.

***

Небяспека міне –

Праляціць нада мной

Слова вострай стралой:

Абароніць мяне

Дух не страчаны мой.

***

Мару трапіць на луг я вясной –

Толькі вецер і сонца – са мной!

Будуць слых лашчыць ціхія словы –

Кандыкоў з медункамі размовы…

***

Па зямлі роднага аала*

Прабеглася басанож.

Цяпер і душа, і ногі ў стрэмках …

_______________________________________

*аал(ад працюркскага aγyl) – вёска, паселішча

 

***

Ісык-куля дух стары

Тайны продкаў сцеражэ.

Я да ранішняй пары

Правяду абрад краплення:

“Таямніцы забяры!” –

Усе тайны, што я маю,

Дух азёрны захавае.

 

***

Над ракой Мрасу, як дзіва:

Скрозь тумана калаверць

Скача некуды гуллівы

Лёгкі конік белагрывы.

Ды не можа даляцець…

***

Кінула дробны каменьчык

У рэчку – у сонечны шарык.

Захваляваўся праменьчык –

Сонечны зморшчыўся тварык.

***

Па-над дахам маім жураўлі

Пэўна, сцежку ў нябёсах праклалі:

Чула сумнае ўвосень “курлы!”.

Па вясне, як заўжды, жураўлі

Гучнай песняй мяне павіталі!

***

Хан-беркут кружыць у нябёсах –

Здабычу пільна выглядае.

Вышынь і думкі мае просяць –

Ляцяць туды, дзе ён кружляе.

***

Шаман камлае апантана –

З душы хваробы дастае.

У куце – твар Марыі-Панны.

Ды сум у поглядзе яе…

***

Снежны калючы вецер

Сарваў пялёсткі кандыка*.

Яшчэ ўчора ён квітнеў…

______________________________

*Кандык – эрытроніум (лац. Erythronium) – род травяністых мнагалетнікаў сямейства лілейных, прадстаўнікі якога растуць у прыродзе ў горных лясах Паўночнай Амерыкі, Еўропы, Паўднёвай Сібіры, Маньчжурыі і Японіі.

 

***

Мне падарылі ружы.

Толькі вечар любавалася я імі:

Усё, што зрэзана, нядоўга жыве!

***

Выпадкова

У горнай рэчцы

Злавіла погляд сонца.

Вочы не адвяду,

Нават калі аслепну –

Імгненне шчасця!

***

Хоць не ведалі рукі цябе,

Я сумую заўжды па табе.

Хоць не ведалі губы цябе –

Мне цябе аднаго не стае…

***

Нітка сівая на скронях блішчыць,

Комусам* сэрца жывое звініць:

Вось і прыйшло да мяне на спатканне

Доўгачаканае шчасце кахання!…

_____________________________________

*комус — назва музычнага інструмента ў шорцаў

 

***

Сняжынкі-матылі ў вакне

ў пакой імкнуцца да мяне.

Але ж таго, хто закаханы,

паўночны холад абміне.

***

Не клічце мяне

Любоўю Усявышняга

Прычашчацца.

Без зямной любові

Мне не пражыць.

***

Вельмі доўгі мой шлях…

Я баюся на ім

Страціь нават аскепкі

Вялікай любові…

 

МІМАЛЁТНЫЯ  ЎРАЖАННІ

***

Юнацтва з братамі і сёстрамі

Было поўнае пазбаўленняў.

Сталасць – сытая, але ж у адзіноце…

***

Рака Мрасу разлілася так,

Што дабралася да брамкі …

Фатаграфуюся, быццам на беразе мора.

***

Спяваюць птушкі, квітнеюць кветкі.

На мае званкі няма адказаў –

Не заўважаю ні птушак, ні кветак.

***

У жаданні падрасці

Мой сын-жэўжык

Увесь дзвярны вушак скрэмзаў.

***

Малы ўпершыню ўбачыў жабу.

Дакрануўшыся – здрыгануўся.

***

Прырода засынае:

Разам з бульбай

Жабянятак адкапала.

***

Вясновае сонца слепіць!

Сабіраліся ссекчы старую чаромху –

А яна зноў уся ў кветках! …

***

Галінкі сядзяць на дрэве,

Кветачкі – на аблоках растуць.

***

Летняй спякотай

Жабе ўтульна ў нашым прахалодным склепе.

Шкада: няма камароў, каб паласавацца.

***

Па мінулагодняй траве

Рассыпаліся пралескі –

Быццам фата на старой дзеве.

*

 З шорскай. Пераклад Святланы Быкавай.