Знаёмцеся: Наталля Ахпашава (Хакасія)

АХПАШАВА НАТАЛЛЯ – (31 студзеня 1960 года, Аскіз, Хакаская аўтаномная вобласць) — паэтэса, журналіст, перакладчык, вучоны.  Член Саюза пісьменнікаў Расіі (1991), кандыдат філалагічных навук (2009).  Заслужаны работнік культуры Рэспублікі Хакасія (1999).

 

Пераклад на беларускую мову Святланы БЫКАВАЙ

(Пераклад друкаваўся ў часопісе “ПОЛЫМЯ”, № 4 за 2019 год)

З кнігі вершаў “Зеркала в зеркалах”

 

ЗАКЛАДНІК ЧАСУ

 

Трымайся. Адзін ты. Задач вырашэння

ў падручніку больш не шукай.

Ні ўдзячнасці, ласкі, і ні прабачэння

ад лёсу свайго не чакай.

 

За выбар сваёй асабістай дарогі –

што ёсць і чаго не стае, –

паўстанеш, бы палец, адзін – прад Богам,

за справы зямныя свае.

 

Разлад і разброд робяць справу заўзята –

Будуюць наперадзе гаць.

Ты – крайні, ты – першы. Ды, імі распяты,

Ці зможаш напругу стрываць?

 

Хай сыйдуцца зоркі ў мірах неабсяжных,

І карты расквецяць сукно:

за моц і за слабасці – гэта не важна –

адказнасць адна – заадно.

 

Хай будзе, як будзе, і Вечнасць разважыць,

прайграў ты, ці выйграў свой бой:

на шалі віна і праклён чужы ляжа

з сумленнем самім прад сабой.

 

* * *

Становяцца явай таемныя сны –

няма ў тым ні волі маёй, ні віны.

Як хвалі, плывуць яны з цемры начэй,

сапраўднасці, явы штодзённай ярчэй.

 

Успыхне пытанне, і згасне адказ –

я бачу наперад усё без прыкрас:

Па дне каляіны, дзе ямы адны,

знікае наш свет чалавечы зямны.

 

Прарочыя вочы адкрыю ў імглу,

але я нічога змяніць не магу.

Праз вейкі на свет паглядзіць пустата,

і вусны самотна замкне немата.

 

Пазнаўшы ў натоўпе усмешку тваю,

у самым куточку душы затаю

я тое, што трызнілася, любы, мне

ноччу мінулай у сне.

 

* * *

Час бы загус. У падмане спакою

жыве бег напружаных дзён.

Вылезла цмянае нешта і злое,

што ў шчыліны ўлезла здавён.

Гэтага часу яно так чакала,

дыхала парай з магіл!..

Ад пацалунку халоднага джала

душа пазбаўляецца сіл…

У памяці гасне апошнім аскепкам

тое, што смерці мацней…

З жахам гляджуся ў люстэрка – так доўга,

бы ў цемрадзь сусветных начэй…

 

* * *

На шкле – зорны россып – сняжынак парад папяровых.

Дакучліва ззяюць вітрыны, міргаюць рэкламы.

Натоўп, мітусня: паміж годам мінулым і новым

народ ашалела штурмуе шматлікія крамы.

 

Нам свету канец, далібог, ды пакуль адмянілі.

Як быццам бы там, дзе сыходзяцца высі і далі,

не тое, каб нам даравалі, што мы нарабілі, –

далі шанс змяніцца, каб здолелі мы жыць тут далей.

 

Ды толькі, напэўна, здарма: мы ні сном і ні духам –

рэальнасць з пароцтвам не часта прыходзяць да згоды,

а вечны эфір увесь час нейкім поўніцца слыхам.

І ўсе пагадзіліся: маем для свята нагоду…

 

Кумач Кока-колы лунае, як сімвал прарочы,

і снег, нібы штучны, кладзецца пад ногі пластамі.

Рэаліці-шоў, бы ў цырку, канчацца не хоча,

і за гаражамі гудзе Санта-Клаўс з бамжамі.

 

Але ж, можа быць: нехта ў час гэты жорсткі і цьмяны

ратуе людзей ад праяў непазбежнага лёсу

і воляй сваёй – бо крывяць ад напружання раны, –

ён стрымлівае махавік пакарання Нябёсаў…

 

МЛЫН ЧАСОЎ

А за агародамі, рабяты,

дзе ў зямлю ўрастае небасхіл –

там, дзе Сонца йдзе да ночы ў сваты, –

круціць Гаспадар Сусвету млын.

Жорны правяраючы тугія,

крэкча ён на лесвіцы крутой,

і часы – што добрыя, што злыя –

першасортнай сыплюцца мукой.

Я там неяк быў. Абмеркавалі

з млынаром сівым мы шмат чаго:

што ўраджай па восені чакалі –

непагаддзю знішчыла яго…

 

Пакурылі. Ды на развітанне

Запытаўся я, “бывай” замест:

“Жыў я ў сэрцы толькі спадзяваннем,

І цярпліва нёс цяжкі свой крэст.

Адкажы мне: колькі ж мне гадочкаў

Ты адсыплеш ад шчадрот сваіх?

Колькі шчэ майго жыцця дзянёчкам

дніць між жорнаў жорсткіх і тугіх?”

 

Усміхнуўся Божа: «Чалавеча,

Будзеш ведаць шмат – не будзеш спаць.

Усё праходзіць, і ніхто не вечны,

Ды не трэба час той цікаваць.

Ты пазней, альбо раней не сыдзеш –

Тэрміны пазначаны ўсім.

А ці хутка да мяжы той прыйдзеш –

Лепш не думай, мой сынок, аб тым.”

Потым блаславіў мяне, рабяты,

на чатыры вольныя бакі.

Не хаджу цяпер за агароды:

Бо імгненні радасці, тугі

Ператрэ ўсё роўна, бы зярняты,

Жорнаў той у белы пыл мукі…

 

Але з той пары – такі вось казус! –

Не дае адно пытанне спаць:

Калі ўсё ж надыдзе час адказу,

Што тады мне ў Госпада спытаць?

 

* * *

З нябёсаў абрынуцца долу ўсе зоркі бязгучна,

і збудзецца ўсё, што напісана ў кнізе прароцкай.

А можа, і быў-та ўсяго самавук, а не вучань:

ужыў кафеіну зашмат неяк ён сярод ночы

і ў стане такім запусціў алгарытм памылковы.

А мы памнажаць сталі тыя памылкі цярпліва,

і, як абсалюту, паверылі шчыра на слова –

ва ўмоўных параметраў стройную несправядлівасць.

 

Аб борт карабельны – пульсуе наш Космас бязмежны…

Якімі б шляхамі не йшлі мы, ды толькі, бясспрэчна,

насупраць адзін аднаго мы стаім непазбежна,

з мяжой, што ў нябёсах хаваецца –  ісцінай вечнай.

 

А што, калі ў выніку дзеянняў і меркаванняў

нам выпадзе лёс нежаданы, адзіны – фатальны,

бо сыйдзе ў нішто шмат адзінак, нулёў і раўнанняў,

і свет без абраных і прошаных стане рэальным?

 

… Ён сам на сябе  – геніяльнага – будзе сварыцца,

шукаць код зыходны ў бездані – лічбавым моры.

Ды толькі Сусвету ніколі ўжо больш не з’явíцца

у прорве халодных, пагаслых вачэй манітора…