Жыццё, працягнутае ў вечнасць…

Жыццё, працягнутае ў вечнасць…

Шанаванне памяці Янкі Купалы пачалося адкрыццём выстаўкі з фондаў Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы ў г. Ерэване (Арменія) і жальбінамі на Вайсковых могілках у Мінску дваццаць восьмага чэрвеня ў дзень трагічнага сыходу Паэта. 76-я гадавіна гэтай чорнай для Беларусі старонкі сабрала ля помніка Песняру тых, хто неабыякавы да беларускай гісторыі і культуры, служыць роднаму слову.

Распачала жальбіны вучоны сакратар Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы, выступілі старшыня Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Міхась Пазнякоў, ганаровы старшыня Міжнароднага фонду імя Янкі Купалы прафесар Вячаслаў Рагойша, члены СПБ галоўны дырэктар галоўнай рэдакцыі замежнага радыёвяшчання Навум Гальпяровіч, журналіст Вольга Паўлючэнка, літаратуразнаўца, доктар філалагічных навук, намеснік дырэктара Інстытута філасофіі НАН Беларусі Валерый Максімовіч, а таксама выпускнік школы імя Якуба Коласа, святар Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы Леанід Акаловіч.

Кожны выступоўца падкрэсліў вялікую ролю Купалы для станаўлення беларускай нацыі. Гучалі вершы Паэта і радкі, прысвечаныя яму. Да помніка былі ўскладзены любімыя Купалавы кветкі – белыя ружы. У касцёле імя Найсвяцейшай Панны Марыі адбылася імша, а завяршыў дзень прэм’ерны паказ спектакля «Жыццё i смерць Янкi Купалы» ў Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры па п’се Анатоля Дзялендзіка на музыку Алега Хадоскі, лібрэта да якога напісаў Анатоль Зэкаў, спрэчкамі пра які яшчэ доўга будуць прысвечаны старонкі беларускіх папяровых і інтэрнэтвыданняў.

Працягнуцца Купалавы дні мерапрыемствамі 7 ліпеня ля музея і ў Вязынцы. У 11.00 адбудзецца ўрачыстая цырымонія ўскладання кветак да помніка Янку Купалу з нагоды дня нараджэння паэта у парку імя Янкі Купалы. У 13.00 пачнецца Рэспубліканскае свята паэзіі, песні і народных рамёстваў “З адною думкаю аб шчасці Беларусі…” у Купалаўскім мемарыяльным запаведніку “Вязынка”.

У праграме свята: выступленні членаў Саюза пісьменнікаў Беларусі, мастацкіх калектываў Маладзечанскага раёна. Традыцыйныя купальскія песні прагучаць у выкананні вакальна-інструментальнага ансамбля “АРАЦЭЯ”. Парадуе прыхільнікаў і гурт “PAWA”.

Будзе працаваць кірмаш майстроў народных рамёстваў.

8 ліпеня ў Радашковічах да 136-годдзя паэта ў 10.00 распачнецца фэст “Янка Купала – Прарок Беларусі” ў парафіі Святой Тройцы: адбудзецца імша і акцыя “Чытаем Купалу разам”.

Вольга НОРЫНА

Фота Міхаіла КРЫЖАНОЎСКАГА

«Саюз пісьменнікаў Беларусі»

Няма каментарыяў

Добавить комментарий

Ваш email не будзе апублікаваны.