Запрасіла на свята Кандратава хата

Запрасіла на свята Кандратава хата

27 сакавіка ў Прысынкаўскім СДК Уздзенскага раёна прайшоў раённыфестываль гумару
“Гурочкі з нізаўской бочкі”
    Гэтае мерапрыемства было прымеркавана да 125-годдзя з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі, Героя Сацыялістычнай Працы Кандрата Крапівы і 25-годдзя першага Нацыянальнага фестывалю беларускай байкі. З розных куточкаў Уздзеншчыны прыехалі сюды тыя, хто сябруе з гумарам, шануе творчасць знакамітага земляка, прапагандуе яго багатую спадчыну і творы сучаснікаў на гэту тэматыку.
    Перад пачаткам фестывальнай праграмы гасцей, хто першы раз бываў у Прысынку, запрасілі ў баковачку пры СДК, дзе разгарнулася экспазіцыя міні-музея “Зямля славутых землякоў”. У цэнтры – экспанаты, прысвечаныя жыццю і творчасці віноўніка ўрачыстасці, Кандрату Крапіве, а побач – не менш вядомым на Уздзеншчыне асобам: Паўлюку Трусу, Лідзіі Арабей, Васілю Ткачову, Паўлу Шыдлоўскаму.
        
    На сцэне – імправізаваная вясковая хата: печ, стол, лаўка, укрытыя нацыянальнымі абрусамі, ручнікамі. А вось і гаспадары – Дзядзька Кандрат і яго жонка Марыля ( з гэтымі ролямі цудоўна справіліся Сяргей Казлоў і Таццяна Лычкоўская з Возера). Марыля пайшла ў залу са спецыяльным падносам, каб пачаставаць гледачоў гурочкамі з Нізаўской бочкі. Ці ж засумуеш пры такім падмацаванні-пачатку?! А потым і жарты, эпіграмы ад Крапівы, як з таго рога, пасыпаліся.
    Аўтар сцэнарыя і рэжысёр свята Людміла Цвірко падабрала самыя цікавыя факты з біяграфіі Кандрата Крапівы, якія ведалі далёка не ўсе землякі сатырыка. А пасля выступалі самадзейныя артысты. Таццяна Грыль і Ірына Сіротка выконвалі прыпеўкі, жартоўныя вершы агучылі Зінаіда Міхадзюк і Марыя Трус. У розных кутках Уздзеншчыны выступаюць сяброўкі-суседкі, кумачкі-кабеткі Людміла Андрэцкая і Святлана Дубіцкая са Стальбоўшчыны ды Наталля Голышава з Вольгай Саявец з Каралёва.
    Сапраўдным адкрыццём фестывалю стала выступленне драматычнага гуртка “Лицедеи”, што дзейнічае пры Кухціцкім Доме культуры пад кіраўніцтвамт Ірыны Ярмак. Яго ўдзельнікі – школьнікі стварылі каларытныя вобразы. Удала ўпісалася ў праграму свята і гульня-віктарына “Прыказкі ад Крапівы”. Знайшлі сваіх слухачоў і гледачоў і залівістая ігра на гармоніку Алега Гусарава, і песня ў выкананні Леаніда Кацубы, і байка Віктара Сабалеўскага, і імправізаваны танец з дзеткамі пасярод залы…
    У святочнага дзейства не было пераможцаў – усе ўдзельнікі фестывалю гумару атрымалі дыпломы, якія ўручыў член Саюза пісьменнікаў Беларусі Віктар Сабалеўскі. А пакідалі вяскоўцы ўстанову культуры пад радкі прысынкаўскага паэта і музыкі Паўла Шыдлоўскага: “Там дзе вырас, навекі той у сэрцы куток; там цяплейшыя рэкі, там бярозавы сок. Толькі тым ганаруся, тым усцешаны я, што я сын Беларусі, тут Радзіма мая…”
Інфармацыю падрыхтаваў пісьменнік, член Мінскага абласнога аддзялення
ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі» Віктар Сабалеўскі