Запрашэнне ў казку

DSC_1697

У межах акцыі “Лета з добрай кнігай” адбываецца шмат творчых сустрэч. Адна з іх прайшла ў Гатаўскай сельскай бібліятэцы, куды ў госці да хлопчыкаў і дзяўчынак завітала казачніца Кацярына Хадасевіч-Лісавая. Пісьменніца прадставіла чытачам свае кнігі “Касмічная адысея хлопчыка Стасіка”, “Казкі Сіняй падушкі”, “Код геніяльнасці”, “Казкі сівой даўніны”. Дзеці не толькі даведаліся пра што гэтыя кнігі і як яны ствараліся, але і мелі магчымасць на свае вочы пабачыць некаторых герояў. Цікавасць школьнікаў выклікалі камячок Пухлік і Сіняя падушка – персанажы, якія пісьменніца прывезла з сабой. Кожнаму дзіцяці хацелася дакрануцца да сімпатычнага Пухліка і на імгненне прылегчы на незвычайную Сінюю падушку, якая ўмее расказваць казкі.

DSC_1681

Напрыканцы сустрэчы адбылася аўтограф-сесія. Казачніца адкрыла юным чытачам сакрэт, што кожны, хто вельмі захоча, можа трапіць у казку, а зрабіць гэта магчыма… чытаючы кнігу. З рук пісьменніцы кожнае дзіця атрымала арыгінальнае запрашэнне ў казку, падпісанае мудрагелістым аўтографам.

DSC_1693

Вядома, хлопчыкі і дзяўчынкі зацікавіліся прапановай завітаць у казачны свет, тым больш, што адкладаць такое незвычайнае падарожжа не прыйдзецца.

DSC_1684

А лета працягваецца, дзеці адпачываюць. Правесці канікулы весела, цікава і карысна дапамагаюць добрыя кнігі, многія з якіх прыйшлі да юных чытачоў дзякуючы рэспубліканскай акцыі, скіраванай на падтрымку чытання і ўзмацнення цікавасці да яго.

DSC_1673